З рук першага прарэктара Купалаўскага ўніверсітэта Алега Раманава адразу два дыпломы атрымала грамадзянка Кітайскай Народнай Рэспублікі Ян Чэнь, якая падрыхтавала дысертацыйныя даследаванні пад кіраўніцтвам доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Івана Платонавіча Мартынава. Цырымонія ўручэння дыпломаў адбылася 18 сакавіка.
Віншуючы Ян Чэнь, начальнік аддзела падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі Алена Мялешка адзначыла, што дзякуючы волі, свядомай дысцыпліне і працавітасці дзяўчына дасягнула высокага выніку ў навуковай дзейнасці. Яна з'яўляецца сёння годным прыкладам не толькі для замежных аспірантаў, але і беларускіх маладых навукоўцаў.
Дэкан факультэта матэматыкі і інфарматыкі Алена Лівак падкрэсліла, што Ян Чэнь стала сувязным звяном паміж нашым універсітэтам і Чунцінским політэхнічным універсітэтам ў Кітаі. Будучы IT-спецыялістам, дзяўчына зрабіла каласальную працу, самастойна вывучыўшы рускую мову і з дапамогай навуковага кіраўніка асвоіўшы фундаментальную матэматычную навуку.
З бацькоўским клопатам да маладога навукоўца звярнуўся навуковы кіраўнік - доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар кафедры матэматычнага аналізу, дыферэнцыяльных раўнанняў і алгебры Іван Платонавіч Мартынаў. Ён пажадаў сваёй падапечнай стаць паважаным спецыялістам і, вядома ж, звязаць свой далейшы лёс з «царыцай навук» - матэматыкай, а таксама ніколі не забываць Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Нагадаем, абарона кандыдацкай дысертацыі на тэму «Аналітычныя і якасныя ўласцівасці дыферэнцыяльнага раўнання і сістэм трэцяга парадку» грамадзянкі КНР Ян Чэнь адбылася 1 лістапада 2019 года ў савеце па абароне дысертацый К 02.14.02 пры Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Гэта другая абарона кандыдацкай дысертацыі па матэматыцы грамадзяніна КНР у Купалаўскім універсітэце.