Турнир малодшай лігі - 5-7 класы - адбыўся Мінску з 11 па 14 сакавіка. Яго ўдзельнікамі сталі 20 каманд з усёй Беларусі, а таксама Санкт-Пецярбурга.
Турнір юных матэматыкаў - камандныя спаборніцтвы навучэнцаў ва ўменні вырашаць матэматычныя задачы даследчага характару, правільна і пераканаўча падаваць атрыманыя вынікі, аргументавана адстойваць свой пункт гледжання ў публічных дыскусіях.
Спачатку ўдзельнікі каманды на працягу двух месяцаў вырашалі задачы дома. Рашэнне задач - гэта не толькі сам працэс пошуку ідэй, метадаў, алгарытмаў, доказаў, але і пошук дадатковай літаратуры і іншых крыніц, вывучэнне іх, параўнанне сваіх вынікаў з вядомымі, трэніроўка пэўных навыкаў правядзення даследчай работы, афармленне вынікаў і абгрунтаванняў, падрыхтоўка прэзентацый і дакладаў па сваіх выніках.
Сам турнір праходзіць у выглядзе паслядоўных матэматычных баёў, у якіх каманды па чарзе дакладваюць свае даследаванні па прапанаваных заданнях, а таксама выступаюць у ролі апанентаў і рэцэнзентаў для іншых удзельнікаў. Удзельнікам неабходна па вартасці ацаніць рашэнні супернікаў - напісаць пісьмовыя водгукі на іх матэрыялы, пераканаць журы і гледачоў у правільнасці свайго пункту гледжання на пэўныя вынікі.
Па выніках усіх этапаў турніру каманда «Квант» гімназіі № 3 г. Гродна заваявала дыплом II ступені. У склад каманды ўвайшлі Арына Мельнікава, Аляксандра Кергет, Канстанцін Жылін, Арцём Кергет, Наталля Козел і Захар Дуднічэнка, трое рабят - Арцём Кергет, Наталля Козел і Захар Дуднічэнка - з'яўляюцца слухачамі курсаў «Алімп» факультэта давузаўскай падрыхтоўкі.
Юныя матэматыкі вырашалі складаныя задачы і аспрэчвалі варыянты супернікаў. Рабяты прадэманстравалі не толькі матэматычныя здольнасці, але і бездакорнае аратарскае майстэрства.
Дэкан факультэта давузаўскай падрыхтоўкі Ірына Карлюкова і спецыяліст кафедры моўнай падрыхтоўкі беларускіх і замежных грамадзян Наталля Юр'еўна Казлоўская прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы каманды «Квант», а таксама ўвайшлі ў склад журы турніру.
Кіраўнікамі каманды выступілі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 3 г. Гродна Таццяна Прыскока, настаўнік матэматыкі гімназіі № 3 г. Гродна, выкладчык Школы дакладных навук ГрДУ імя Янкі Купалы Яўген Разумаў, спецыяліст кафедры моўнай падрыхтоўкі беларускіх і замежных грамадзян факультэта давузаўскай падрыхтоўкі Наталля Казлоўская. Навуковы кансультант каманды - дэкан факультэта давузаўскай падрыхтоўкі Ірына Карлюкова.