Падчас сустрэчы з прадстаўніком Фонду Ціянам Дзі быў падпісаны Дагавор аб навучанні кітайскіх грамадзян рускай мове на факультэце давузаўскай падрыхтоўкі.
Прадстаўнік Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі Кітайскай Народнай Рэспублікі Ціян Дзі адзначыў, што вельмі рады таму, што супрацоўніцтва развіваецца. У дадзены момант свае веды рускай мовы ў сценах Купалаўскага ўніверсітэта ўдасканальваюць сем слухачоў з КНР, якія ўжо ў верасні гэтага года плануюць стаць студэнтамі ГрДУ імя Янкі Купалы. Пяцёра з іх збіраюцца вучыцца на першай ступені атрымання вышэйшай адукацыі, двое будуць паступаць у магістратуру нашага ўніверсітэта.
Дарэчы, прадстаўнік Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі КНР Ціян Дзі выказаў асаблівую зацікаўленасць у тым, каб як мага больш маладых спецыялістаў з Кітая, у асноўным, педагогаў, прыязджалі вучыцца ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы з мэтай атрымання дыпломаў магістраў і аспірантаў. Бакі дамовіліся ў бліжэйшы час абмеркаваць гэтае пытанне больш дэталёва.
- Мы гатовыя да пашырэння супрацоўніцтва, - адзначыў прарэктар па вучэбнай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Бялых. - Тым больш што спектр спецыяльнасцяў, якія можа прапанаваць наш універсітэт для навучання на ўсіх ступенях вышэйшай адукацыі, досыць шырокі. Мы гатовыя абмяркоўваць магчымасці навучання кітайскіх грамадзян таксама ў магістратуры і аспірантуры. Мы чакаем ад вас прапаноў, зыходзячы з якіх будзем фармаваць планы далейшага супрацоўніцтва.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі магчымыя тэрміны навучання кітайскіх грамадзян у магістратуры і аспірантуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама спецыяльнасці, у якіх у кітайскага боку ёсць найбольшая зацікаўленасць. Акрамя таго, прарэктар па вучэбнай працы Юрый Белых звярнуў увагу прадстаўніка Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі КНР Ціяна Дзі на тое, што ва ўніверсітэце ёсць розныя формы работы з замежнымі грамадзянамі. Асабліва гасцей зацікавіла навучанне ў Школе рускай мовы, якая праводзіцца для замежнікаў кожнае лета і дапамагае маладым людзям з розных краін прыняць аргументаванае рашэнне аб працягу навучання ў Беларусі.
На заканчэнне сустрэчы прадстаўнік Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі Кітайскай Народнай Рэспублікі Ціян Дзі падзякаваў купалаўцам за прыём, а таксама за шчырую зацікаўленасць у супрацоўніцтве. Ён адзначыў, што ўжо паспеў ацаніць, як праходзіць працэс залічэння замежных студэнтаў, і прыйшоў да высновы, што ён арганізаваны ў ГрДУ імя Янкі Купалы на самым высокім узроўні. Ціян Дзі яшчэ раз павіншаваў прадстаўнікоў Купалаўскага ўніверсітэта з 80-годдзем Alma mater і выказаў надзею, што супрацоўніцтва, пачатак якому быў пакладзены менавіта ў гэты, юбілейны, год, абавязкова будзе плённым.
.