Праект рэалізуецца ў рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага », прысвечанай 75-годдзю Вялікай Перамогі.
Віртуальная грамадзянска-патрыятычная акцыя «Дарогамі Перамогі» праводзіцца па ініцыятыве студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пры падтрымцы ўпраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і аддзелаў (сектараў) культуры раённых выканаўчых камітэтаў Гродзенскай вобласці.
Удзельнікі акцыі, сярод якіх як студэнты-купалаўцы, так і прадстаўнікі актыўнай моладзі раённых цэнтраў Гродзеншчыны, разам працуюць над стварэннем тэматычнага відэафільма, прэзентацыя якога адбудзецца напярэдадні Дня Перамогі - 8 мая ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Фільм раскажа пра тое, як праходзіла вызваленне раёнаў вобласці і Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ён будзе змантаваны з асобных відэаролікаў, знятых прадстаўнікамі моладзі розных раёнаў вобласці на фоне памятных месцаў.
Мэта правядзення віртуальнай грамадзянска-патрыятычнай акцыі "Дарогамі Перамогі" - захаванне памяці пра нашых герояў, фарміраванне ў моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму, раскрыццё іх творчага патэнцыялу і ўцягванне прадстаўнікоў маладога пакалення ў правядзенне святочных мерапрыемстваў, звязаных з перамогай савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.