Удзельнікамі дыстанцыйнага конкурсу, арганізаванага Рэспубліканскім цэнтрам фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, могуць стаць студэнты і выпускнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі.
Для ўдзелу неабходна з дапамогай відэакамеры ці тэлефона зняць крэатыўны відэаролік у любой з прапанаваных намінацый, дзе прадэманстраваць сваю спартыўную фішку, а дакладней - выкананне любога спартыўнага элемента ў індывідуальнай інтэрпрэтацыі ў хатніх умовах альбо на вуліцы, але за межамі спартыўнай залы.
Конкурсныя працы можна прадставіць у намінацыях «Практыкаванні з мячом», «Сілавыя практыкаванні», «Акрабатычныя практыкаванні», «Харэаграфія». Работа павінна быць выканана ў фармаце відэароліка працягласцю не больш за 1 хвіліну. Відэаролік запісваецца адным дублем, без элементаў мантажу і злепвання кадраў. Выразна павінны праглядацца рукі, ногі і твар канкурсанта. Важна, каб праца ўтрымоўвала пачатак выканання элемента і яго поўнае завяршэнне. Відэа павінна быць запісана не раней за красавік 2020 года. Працы, якія змяшчаюць небяспечныя для жыцця і здароўя элементы, ненарматыўную лексіку, матэрыялы, якія абражаюць іншых асоб, разглядацца не будуць. Відэазапісы нізкай якасці, у тым ліку запісы дазволам менш 720 пікселяў, да ўдзелу не дапускаюцца.
Да фотаздымкаў неабходна прымацаваць інфармацыю пра ўдзельніка: прозвішча, імя, імя па бацьку, установа вышэйшай адукацыі, узрост, курс навучання, хобі, электронны адрас, намінацыю конкурснай работы, а таксама згоду на публікацыю відэароліка ў інтэрнэт-прасторы. Знешні выгляд адзення ўдзельніка павінен адпавядаць яго конкурснай працы, форма адзення - спартыўная. Пры выкананні задання ўдзельнікі нясуць персанальную адказнасць за сваё жыццё і здароўе.
Прыём відэаролікаў будзе ажыццяўляцца з 26 чэрвеня па 21 жніўня на электронную пошту admin@sportedukation.byз паметкай «на конкурс». Акрамя таго, удзельнікам прапануюць змясціць відэаролік у Інстаграм з указаннем хештега # мояспортивнаяфишка @rcfes_student.
Працы канкурсантаў журы ацэніць па 10-бальнай шкале, у ліку крытэрыяў - адпаведнасць і актуальнасць тэмы, творчы і індывідуальны падыход да выканання конкурснага задання, якасць выканання. Пераможцам стане ўдзельнік, які набраў найбольшую колькасць галасоў. Мужчыны і жанчыны будуць ацэньвацца асобна.
Вынікі конкурсу будуць вядомыя 10 верасня на афіцыйным сайце Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў і ў Інстаграм. Пераможцаў узнагародзяць памятнымі дыпломамі, а таксама запрашэннем на адкрыццё Рэспубліканскай універсіяды - 2020. Усе ўдзельнікі атрымаюць электронны сертыфікат.