156 чалавек будуць атрымліваць адукацыю ў магістратуры Купалаўскага ўніверсітэта за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
На 111 месцаў дзённай бюджэтнай формы навучання прэтэндавалі 174 абітурыента, на 45 месцаў завочнай бюджэтнай формы - 83 абітурыента. У гэтым годзе ўступныя выпрабаванні па 22-х спецыяльнасцях магістратуры для абітурыентаў праходзілі на працягу двух дзён у дзве змены. Для кожнага абітурыента пры рэгістрацыі дакументаў электронная сістэма аўтаматычна вызначала дату правядзення выпрабавання і канкрэтны час яўкі на экзамен з мэтай скараціць перыяд папярэдняга чакання.
Па выніках уступных іспытаў у магістратуру ГрДУ імя Янкі Купалы на дзённую форму адукацыі сярэдні бал за іспыт склаў 8,2 бала, а на завочную форму - 7,8 бала. Большасць магістрантаў гэтага года з Гродна і Гродзенскай вобласці.
Залічэнне ў лік магістрантаў дзённай і завочнай формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту адбылося 13 ліпеня. З 156 залічаных 1 чалавек паступіў без уступных выпрабаванняў. Залічэнне абітурыентаў у магістратуру на платнай аснове пройдзе 16 ліпеня.