Занятак прайшоў на базе адміністрацыйнага будынка Гродзенскай рэгіянальнай мытні.
Перад першакурснікамі юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы выступіў начальнік Гродзенскай рэгіянальнай мытні Андрэй Кавальчук. Ён адзначыў, што такі своеасаблівы «крок у прафесію», знаёмства з мытняй, мытнікамі-практыкамі, якія выкладаюць ва ўніверсітэце спецыяльныя дысцыпліны, - важны этап у адукацыйным працэсе пры падрыхтоўцы будучых спецыялістаў мытнай справы.
Студэнтаў пазнаёмілі з мытнай сімволікай, гісторыяй мытні, яе структурай і шматфункцыянальнасцю выконваемых задач па абароне эканамічных інтарэсаў краіны, арганізацыі бяспекі грамадзян. Даведаліся першакурснікі і пра тое, як працуюць кінолагі на мяжы. Так, лабрадор Шэра пад кіраўніцтвам свайго настаўніка прадэманстравала здольнасці па пошуку наркатычных сродкаў. Зацікавіла студэнтаў і аператыўная праца мытнікаў па выяўленні забароненых да перамяшчэння тавараў, выяўленні парушальнікаў.
Супрацоўнікі Гродзенскай рэгіянальнай мытні прымаюць актыўны ўдзел у арганізацыі адукацыйнага працэсу для студэнтаў спецыяльнасці «Мытная справа». Прафесіяналы-практыкі праводзяць заняткі, а таксама экскурсіі ў пункты пропуску, аказваюць падтрымку студэнтам пры праходжанні практыкі на мяжы. Такое цеснае супрацоўніцтва паміж ГрДУ імя Янкі Купалы і Гродзенскай рэгіянальнай мытняй спрыяе падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў у сферы мытнай справы.
Па матэрыялах сайта grt.customs.gov.by
Фота Гродзенскай рэгіянальнай мытні