Першы ўрок прайшоў для васьмікласнікаў гімназіі №10 горада Гродна.
У рамках курсу «Медыяадукацыя і інфармацыйная пісьменнасць» студэнты II ступені вышэйшай адукацыі спецыяльнасці «Журналістыка» з прафілізацыяй «Медыяменеджмент» распрацавалі медыяўрок «Трапілі ў сеткі». Ён прадугледжвае спалучэнне некалькіх відаў дзейнасці: рашэнне кейсаў па медыяпісьменнасці, прагляд пазнавальных відэаролікаў, непасрэдныя зносіны школьнікаў і студэнтаў.
На класнай гадзіне ў гродзенскай гімназіі № 10 магістранты падзяліліся сваімі ведамі і вопытам з навучэнцамі 8 класа, распавёўшы пра тое, што такое фэйкавыя навіны, сеткавы этыкет, патлумачылі, як стварыць бяспечны пароль і супрацьстаяць ашуканцам ў сацыяльных сетках. Занятак завяршыўся віктарынай, якая ў гульнявой форме дазволіла замацаваць атрыманыя веды.
Як распавяла загадчык кафедры журналістыкі Іна Мінчук, падобныя заняткі - важны крок у актуалізацыі тэмы медыяпісьменнасці ў грамадстве, перш за ўсё ў асяроддзі навучэнцаў.
- Дзеці - самая ўразлівая група карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт. А фармат медыяўрока, калі ў ролі настаўнікаў выступаюць студэнты, найлепшым чынам дапамагае данесці да школьнікаў важную інфармацыю, паколькі ўяўная дыстанцыя паміж «настаўнікам» і «вучнем» становіцца менш, а ступень даверу, наадварот, вышэй, - адзначыла Іна Мінчук.
Медыяўрок «Трапілі ў сеткі», які прайшоў у гродзенскай гімназіі №10, стаў першым з невялікай серыі распрацаваных магістрантамі-купалаўцамі урокаў медыяпісьменнасці. У бліжэйшы час для старшакласнікаў абласнога цэнтра будуць праведзены яшчэ тры падобных урокі.
Кафедра журналістыкі і Студэнцкі медыяцэнтр Купалаўскага ўніверсітэта з 2016 года рэалізуюць праект «МедыяГід», мэта якога - развіццё масавай медыяпісьменнасці моладзі. У рамках праекта прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў, у ліку якіх - сустрэчы з навучэнцамі школ горада Гродна і Гродзенскай вобласці, адукацыйныя курсы.
Адзін з такіх курсаў - «# яўсетцы», разлічаны на навучэнцаў 6-8 класаў, стартуе 14 лістапада 2020. Заняткі будуць праходзіць па суботах з 10.00 да 12.45 і будуць арганізаваны па трох модулях: «Акаўнт у сацыяльнай сетцы», «Партфоліа», «Мультымедыйны кантэнт». Больш інфармацыі - у запісе Студэнцкага медыяцэнтра ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» @grsumedia.