Дакументы для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне грантаў рэктара для выканання навукова-даследчых работ у рамках падрыхтоўкі доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый прымаюцца з 2 па 30 лістапада.
Конкурс на атрыманне грантаў рэктара праводзіцца з мэтай забеспячэння фінансавай падтрымкі навуковых даследаванняў работнікаў універсітэта пры падрыхтоўцы і абароне дысертацый. Грант рэктара вылучаецца за кошт пазабюджэтных сродкаў універсітэта або яго адасобленых структурных падраздзяленняў на тэрмін да 1 года для завяршэння падрыхтоўкі і абароны кандыдацкай дысертацыі, на тэрмін да 2 гадоў - для завяршэння падрыхтоўкі і абароны доктарскай дысертацыі.
На атрыманне гранта могуць прэтэндаваць работнікі ўніверсітэта, якія навучаліся ці навучаюцца ў аспірантуры або якія амастойна падрыхтавалі дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата навук і маюць не менш за 3 артыкулы па тэме кандыдацкай дысертацыі ў выданнях з пераліку навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў або ў прыраўнаваных да іх замежных навуковых перыядычных выданнях. Не менш за 15 артыкулаў па тэме доктарскай дысертацыі ў гэтых выданнях павінны мець работнікі ўніверсітэта, якія прэтэндуюць на атрыманне гранта рэктара і навучаюцца або праходзілі навучанне ў дактарантуры або самастойна падрыхтавалі дысертацыю на атрыманне вучонай ступені доктара навук.
Конкурс на атрыманне грантаў рэктара для падрыхтоўкі дысертацый адбудзецца ў ГрДУ імя Янкі Купалы ў перыяд з 1 па 31 снежня 2020 года. Пераможцу вызначыць конкурсная камісія, якая перш правядзе экспертызу конкурсных дакументаў. Прадстаўнікі камісіі ацэняць актуальнасць тэматыкі навуковых даследаванняў, значнасць чаканых вынікаў і спосабы іх рэалізацыі, а таксама практычную накіраванасць, апрабацыю вынікаў дысертацыйных даследаванняў, колькасць і ўзровень навуковых публікацый па тэме дысертацыі, рэальнасць тэрмінаў выканання этапаў, а таксама абгрунтаванасць меркаваных выдаткаў.