Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прайшла 10 лістапада ў Мінску.
Узнагароды ўручыў першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў. У цырымоніі ўзнагароджання таксама прынялі ўдзел намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кадлубай, намеснік Міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Аляксандр Баравуля, старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, чэмпіён ХХIX летніх Алімпійскіх гульняў 2008 года ў Пекіне Аляксандр Багдановіч, кіраўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, федэрацый (асацыяцый ) па відах спорту.
Па выніках мінулагодняй Рэспубліканскай універсіяды ГрДУ імя Янкі Купалы заняў першае месца ў першай падгрупе, дзе былі прадстаўлены ўстановы вышэйшай адукацыі, у якіх праводзіцца навучанне па спецыяльнасці "Фізічная культура і спорт". На другім месцы - Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, на трэцім - Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Абсалютным чэмпіёнам стаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры.
Палажэннем аб Рэспубліканскай універсіядзе прадугледжана правядзенне 47 спаборніцтваў па 34 відах спорту. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў Рэспубліканскай універсіядзе-2019 прымаў удзел у 45 відах спаборніцтваў. Спартсмены-купалаўцы занялі 14 прызавых месцаў. У тым ліку 5 першых месцаў па такіх відах спорту, як барацьба грэка-рымская, баскетбол сярод жанчын, барацьба вольная сярод мужчын, гандбол сярод мужчын, барацьба самба сярод жанчын; 3 другіх месцы ў баскетболе сярод мужчын, валейболе сярод жанчын і дзюдо сярод мужчын; 6 трэціх месцаў у барацьбе вольнай сярод жанчын, дзюдо сярод жанчын, лёгкай атлетыцы ў памяшканні, веславанні на байдарках і каноэ, стральбе кулявой і гандболе сярод жанчын. У выніку Купалаўскі ўніверсітэт набраў 2.363,86 ачкоў і заняў 1 месца ў першай падгрупе Рэспубліканскай універсіяды-2019.