Узнагароджанне пераможцаў адбылося напярэдадні Міжнароднага дня валанцёра, які штогод адзначаецца ў свеце 5 снежня.
У конкурсе «Валанцёр года-2020», які праходзіў з 12 кастрычніка па 6 лістапада, прынялі ўдзел студэнты і навучэнцы каледжаў Купалаўскага ўніверсітэта, якія займаюцца валанцёрскай дзейнасцю. Конкурс праводзіўся з мэтай падтрымкі найбольш актыўных валанцёраў, членаў валанцёрскіх атрадаў, стварэння ўмоў для развіцця лідарскіх кампетэнцый і самарэалізацыі студэнцкай моладзі, павышэння матывацыі ўдзелу студэнтаў у сацыяльна-значнай дзейнасці.
Пераможцаў і прызёраў назвалі ў некалькіх намінацыях. Па выніках конкурсу пераможцам у намінацыі «Лепшая валанцёрская група ў сацыяльнай сетцы» названы валанцёрскі атрад юрыдычнага факультэта «Адкрытыя сэрцы», пераможцам у намінацыі «Лепшы валанцёрскі атрад» стаў валанцёрскі атрад «Ты не адзін» фізіка-тэхнічнага факультэта, перамогу ў намінацыі «Асабісты ўнёсак» атрымала навучэнка Ваўкавыскага каледжа Наталля Качанава, аўтарамі лепшага іміджавага плаката названыя студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Ульяна Вайтовіч, навучэнцы Ваўкавыскага каледжа Даніла Варчык, Віталь Гарбузаў і Ганна Емяльянава, а таксама аўтарскі калектыў педагагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.