Навуковы форум быў арганізаваны Купалаўскім універсітэтам сумесна з сацыялагічным факультэтам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства, якое адбылося ў онлайн-фармаце 10 снежня, звярнуўся першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алег Раманаў. Адкрыў працу круглага стала доктар сацыялагічных навук, прафесар, загадчык кафедры эканамічнай сацыялогіі і менеджменту сацыялагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава Сяргей Баркоў, які выступіў з дакладам «Баланс маладых і ўзроставых работнікаў на рынку працы як эканамічная, сацыяльная і псіхалагічная праблема».
У фокусе ўвагі даследчыкаў, якія прынялі ўдзел у онлайн-форуме, апынуліся праблемы ўзроўню жыцця людзей сталага ўзросту, міжпакаленчых канфліктаў на рынку працы і сучасных формаў эйджызму. Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі пытанні, звязаныя з прафесійным перанавучаннем і працаўладкаваннем пенсіянераў, вопытам рэалізацыі праграм работы з пенсіянерамі, роляй цэнтраў сацыяльнай абароны насельніцтва ў сацыяльнай адаптацыі асоб пажылога ўзросту ў Беларусі і Расіі.
Усяго ў рамках Міжнароднага круглага стала было прадстаўлена 14 дакладаў. У якасці спікераў ад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы выступілі кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін Таццяна Богуш, старшы выкладчык кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін, старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў універсітэта Ігар Кергет, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін Мікалай Мыслівец і кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін, начальнік аддзела менеджменту якасці Сяргей Шчарбінін. Свае даследаванні прадставілі таксама навукоўцы Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля выступу спікераў адбылася дыскусія і падвядзенне вынікаў круглага стала.