Урачыстая цырымонія ўручэння стыпендый адбылася 26 студзеня ў Гродзенскім абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі.
Сярод лаўрэатаў - студэнткі ГрДУ імя Янкі Купалы Дар'я Дабрыянец і Вераніка Басінская. Дар'я вучыцца на 3 курсе педагагічнага факультэта, асвойвае прафесію педагога дашкольнай адукацыі, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці ўніверсітэта, дабрачынных акцыях, з'яўляецца членам валанцёрскага атрада «Веста», задзейнічана ў тэатральным калектыве «Летуценнік», занесена на Дошку гонару "Імі ганарыцца ўніверсітэт". Дар'я Дабрыянец узнагароджана дыпломам за 2 месца ў конкурсе танца «Стыль-Dance - 2019». Яна творча падыходзіць да любой дзейнасці. Неаднаразова была аўтарам сцэнарыяў факультэцкіх мерапрыемстваў, была вядучай святочных канцэртаў. З першага курса Дар'я з'яўляецца членам навуковага гуртка «Новы горад». Апублікаваныя два артыкулы: «Развіццё самастойнасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту» (канферэнцыя «Альтэрнант-2020»), «Фарміраванне ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ўмення планаваць сумесную з аднагодкамі дзейнасць» (канферэнцыя «Эўрыка-2020»).
Будучы псіхолаг Вераніка Басінская, студэнтка 4 курса ГрДУ імя Янкі Купалы, таксама ўдастоена стыпендыі Беларускага фонду міру за высокія вынікі ў вучэбнай, навуковай, творчай, грамадскай і спартыўнай дзейнасці. Вераніка Басінская з'яўляецца членам Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, выконвае абавязкі старшыні Каардынацыйнага студэнцкага савета ўніверсітэта, з'яўлялася старшынёй студэнцкага савета факультэта псіхалогіі, намеснікам старшыні прафбюро факультэта псіхалогіі, актывістам першаснай арганізацыі ГА «БРСМ» на факультэцкіх і ўніверсітэцкім узроўнях. Вераніка - арганізатар і ўдзельнік шматлікіх дабрачынных акцый, у 2019 годзе з'яўлялася валанцёрам II Еўрапейскіх гульняў, а таксама ўдзельнічала ў перапісе насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Занесена на Дошку гонару "Імі ганарыцца ўніверсітэт".
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання стыпендыятаў Беларускага фонду міру праводзіцца двойчы на год: у студзені і маі. Арганізатары мерапрыемства - Гродзенскае абласное аддзяленне грамадскага аб'яднання «Беларускі фонд міру» і галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. 26 студзеня 2021 года лепшых прадстаўнікоў таленавітай моладзі Гродзенскага рэгіёну ўзнагародзілі стыпендыямі ўжо ў 18-ы раз. Лаўрэатамі сталі 55 чалавек. За ўвесь час існавання такой формы заахвочвання таленавітай моладзі стыпендый абласнога аддзялення Беларускага фонду міру былі ўдастоены амаль 2 тысячы адораных школьнікаў і студэнтаў.