Семінар адбыўся ў Міжнародны дзень мытніка, 26 студзеня, на базе адміністрацыі Гродзенскай рэгіянальнай мытні.
У арганізацыі мерапрыемства прынялі ўдзел загадчык кафедры міжнароднага права юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Ігнацік і старшы выкладчык кафедры Наталля Габец. З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуўся начальнік Гродзенскай рэгіянальнай мытні Андрэй Кавальчук. У якасці экспертаў выступілі намеснік начальніка аддзела арганізацыі мытнага кантролю Віталь Мацяшук, галоўны інспектар аддзела ідэалагічнай работы Юлія Раманюк, загадчык кафедры міжнароднага права Марына Ігнацік.
Удзельнікамі семінара «Міжнародна-прававое супрацоўніцтва ў сферы мытнай справы: актуальны стан, праблемы і шляхі ўдасканалення» сталі студэнты 2 - 4 курсаў спецыяльнасці «Мытная справа», а таксама навучэнцы 10 - 11 мытных класаў сярэдняй школы №13 г. Гродна. У сваіх дакладах студэнты і навучэнцы закранулі такія пытанні, як узаемадзеянне мытных органаў Рэспублікі Беларусь і дзяржаў-удзельніц ЕАЭС, дзейнасць мытных органаў па барацьбе з кантрабандай і абароне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а таксама іншыя аспекты, якія датычацца міжнародна-прававога супрацоўніцтва ў сферы мытнай справы .
Па выніках семінара экспертамі ад Гродзенскай рэгіянальнай мытні былі адзначаны лепшыя даклады, удзельнікам уручаны дыпломы.