У гонар Свята Вясны ва ўніверсітэце прайшлі майстар-клас, конкурсы творчых работ студэнтаў і канцэртная праграма.
Святкаваць Кітайскі Новы год у ГрДУ імя Янкі Купалы ўжо стала добрай штогадовай традыцыяй. У навагоднім фестывалі 3 сакавіка прынялі ўдзел рэктар універсітэта Ірына Кітурка, прарэктары, выкладчыкі і супрацоўнікі, студэнты, сярод якіх - навучэнцы з Кітайскай Народнай Рэспублікі, кіраўніцтва СШ № 38 і Цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны правінцыі Ганьсу горада Гродна.
У віншавальным слове рэктар універсітэта Ірына Кітурка падкрэсліла, што сумеснае святкаванне Новага года па кітайскім календары па-сапраўднаму спрыяе збліжэнню дзвюх культур і пажадала ўдзельнікам мерапрыемства поспехаў, здароўя і шчасця ў новым годзе.
Працягнулася святкаванне канцэртнай праграмай. Госці маглі атрымаць асалоду ад выканання традыцыйных кітайскіх песень, мелодый і танцаў. Удзельнікі ўрачыстасці даведаліся пра традыцыі сустрэчы Свята Вясны і Свята Ліхтароў, праверылі свае веды кітайскіх культурных асаблівасцяў і атрымалі прадказанні на новы год па ўсходнім гараскопе.
Мерапрыемству папярэднічалі майстар-клас па каліграфіі, дзе студэнты пад кіраўніцтвам кітайскіх выкладчыкаў вучыліся прыгожа пісаць віншавальныя іерогліфы і ажыўлена размаўлялі. Таксама ўдзельнікі свята прадэманстравалі свае творчыя працы, падрыхтаваныя для конкурсаў «Сімвал года» і «Кітайскі ліхтарык - сваімі рукамі». Экспертнае журы, у склад якога ўвайшлі выкладчыкі кітайскай мовы і выкладчыкі-валанцёры з Кітая, вызначылі самыя арыгінальныя працы. Пераможцы конкурсаў атрымалі прыемныя падарункі на навагоднім вечары.