Працу аспіранта фізіка-тэхнічнага факультэта прызналі лепшай у намінацыі «Лепшая навукова-даследчая работа ў галіне кантролю якасці».
Конкурс «Лепшая дыпломная і навукова-даследчая работа студэнтаў у галіне менеджменту і кантролю якасці» праводзіцца штогод Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам адукацыі. У 2020 годзе ў ім прынялі ўдзел 12 чалавек з сямі устаноў вышэйшай адукацыі. Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі работ былі актуальнасць тэмы, метадалогія і метады даследаванняў, іх змест і глыбіня, навуковая навізна і значнасць атрыманых вынікаў, апрабацыя работы.
Пераможцаў конкурсу вызначала экспертнае журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Дзяржстандарту, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, розных рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, вядучых спецыялістаў арганізацый у галіне менеджменту і кантролю якасці.
У намінацыі «Лепшая навукова-даследчая работа ў галіне кантролю якасці» перамагла навуковая праца «Аўтаматызаваная методыка апрацоўкі вынікаў вымярэнняў пры паверцы і каліброўцы сканавальных зондавых мікраскопаў» аспіранта ГрДУ імя Янкі Купалы Паўла Карпача. Навуковы кіраўнік Паўла - дацэнт кафедры агульнай фізікі Генадзь Васілюк.