У Міжнародны дзень абароны дзяцей валанцёры атрадаў БРСМ "Добрае сэрца" заняліся добраўпарадкаваннем дзіцячых пляцовак у абласным цэнтры.
Студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, навучэнцы Тэхналагічнага каледжа, а таксама прадстаўнікі іншых устаноў адукацыі горада сталі ініцыятарамі працоўнай дабрачыннай акцыі па навядзенні парадку ў дварах шматкватэрных дамоў. Валанцёры атрадаў БРСМ "Добрае сэрца" добраўпарадкавалі дзіцячыя пляцоўкі на вуліцы Таўлая і праспекце Касманаўтаў: пафарбавалі дзіцячыя арэлі, горкі, абнавілі альтанкі.
- Мы акультурылі дзіцячыя пляцоўкі, зрабілі іх прыгажэй, каб у малянят быў добры настрой, каб яны адчувалі клопат старэйшых. Для кожнага дарослага чалавека павінны быць важны настрой, фізічны і эмацыйны стан дзіцяці, - падзялілася валанцёр атрада «Добрае сэрца», студэнтка 3 курса факультэта псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Маркевіч.
Акцыя была прымеркавана да Міжнароднага дня абароны дзяцей і прайшла ў рамках рэспубліканскага праекта «#ЗаДело». Праект рэалізуецца з мэтай падтрымаць дзейнасць маладых людзей, якія хочуць унесці свой уклад у развіццё і добраўпарадкаванне роднага горада, а таксама рэгіёну і ўсёй краіны.
Фота газеты «Гродзенская праўда»