На працягу ўсіх выхадных валанцёры ГрДУ імя Янкі Купалы дапамагалі арганізоўваць ў Гродне наведванне перасоўнай экспазіцыі.
Цягнік Перамогі прыбыў у горад над Нёманам 19 чэрвеня. Перад тым, як экспазіцыя была адкрыта для наведвальнікаў, адбыўся ўрачысты мітынг з удзелам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Каранік, а таксама іншых прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады, грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый, ветэранаў і жыхароў горада. Наведала экспазіцыю і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
Цягнік-музей знаходзіўся ў Гродне два дні. На працягу гэтага часу экскурсіі для гродзенцаў дапамагалі арганізоўваць валанцёры нашага ўніверсітэта, а таксама кіраўнік валанцёрскага цэнтра ГрДУ імя Янкі Купалы Валянціна Есіна. Ім прыйшлося актыўна папрацаваць, бо яшчэ да прыбыцця цягніка сярод жыхароў вобласці было распаўсюджана каля 1,5 тысячы запрашальных білетаў. Нягледзячы на стомленасць, у валанцёраў-купалаўцаў засталіся самыя прыемныя ўражанні і пазітыўныя эмоцыі ад удзелу ў праекце.
Перасоўны музей «Цягнік Перамогі» - унікальны беларуска-расійскі праект, які рэалізуецца ў рамках Года народнага адзінства і прымеркаваны да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Сваё падарожжа цягнік пачаў па Расіі ў кастрычніку 2020 года з Беларускага вакзалу. Састаў уключае 12 вагонаў, 9 з якіх - экспазіцыйныя. У аснове экспазіцыі - трохмерныя панарамы, шматфігурныя кампазіцыі і скульптуры, створаныя па фатаграфіях рэальных людзей. Маршрут па цягніку Перамогі - гэта пераход ад аднаго эпізоду да іншага: перадваенныя гады - Вялікая Айчынная вайна - Перамога.