Мерапрыемствы аб'ядналі студэнтаў розных факультэтаў ГрДУ імя Янкі Купалы.
У танцавальным флэшмобе «Усе розныя, усе роўныя!», які прайшоў у навучальным корпусе па вул. Захарава, 32, прыняло ўдзел больш за 100 студэнтаў. Найбольш актыўнымі аказаліся студэнты юрыдычнага, філалагічнага, педагагічнага факультэтаў і факультэта фізічнай культуры. Пад запальныя мелодыі розных народаў яны выконвалі рытмічныя рухі. Скончыўся танцавальны флэшмоб пад музыку песні на словы Роберта Раждзественскага «Радзіма мая». Падрыхтавалі і правялі флэшмоб удзельнікі танцавальнага калектыву педагагічнага факультэта «Delirium», кіраўнікамі якога з'яўляюцца Кацярына Ганнуцына і Дыяна Коўш.
Акрамя таго, студэнты педагагічнага, філалагічнага, юрыдычнага факультэтаў, факультэта фізічнай культуры і курсанты ваеннага факультэта, а таксама навучэнцы, якія пражываюць у інтэрнаце № 4 па вул. Пралетарская, 16, далучыліся да чэленджу «Адзінства слова». Студэнты запісалі відэаролікі, у якіх яны на беларускай, рускай, туркменскай і кітайскай мовах, гаварылі пра любоў да сваёй краіны і народу, і пра тое, як важна быць разам. Чэлендж арганізаваны педагагічным факультэтам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.