Па-навуковаму домік для мурашак называецца фармікарыем. Яго будуць выкарыстоўваць для практычных заняткаў, і ў студэнтаў з'явіцца ўнікальная магчымасць паназіраць за звычайна схаваным жыццём насякомых.
На ферме жывуць стэпавыя мурашы-жняцы, якія ў беларускай прыродзе не насяляюць. Яны сілкуюцца насеннем раслін і не будуюць мурашнікі. Паступова мурашыная сям'я павялічваецца, і фармікарый можа расці разам з ёй за кошт дадання новых дэталяў.
Стварыць мурашыную ферму прапанавалі дацэнты кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл Аляксандра Рыжая і Кацярына Глякоўская. Яны ж і рэалізавалі гэтую ідэю дзякуючы фонду падтрымкі ініцыятыў факультэта. Выкладчыкі плануюць выкарыстоўваць мурашыную ферму ў навучальным працэсе спецыялізацыі «Заалогія» для павышэння кампетэнцый будучых спецыялістаў-заолагаў.
Фармікарый дадасць нагляднасці і практычнасці ў рашэнне многіх навучальных задач. Студэнты будуць ажыццяўляць даследаванне на аснове рэальных назіранняў за жыццём мурашынай сям'і выгляду Messor structor (мурашка-жнец), знаходзіць пацверджанне тэарэтычным ведам, набытым пры вывучэнні вучэбнай і навуковай літаратуры, апісваць прылады мурашынай фермы. Таксама яны паспрабуюць стварыць вертыкальны фармікарый сваімі рукамі.
Такая практыка, несумненна, будзе цікавая купалаўцам, бо звычайна жыццё мурашак схаванае пад зямлёй. Назіранне за насякомымі дазволіць развіць у студэнтаў навыкі даследчай працы, беражлівыя адносіны да жывых арганізмаў і дапаможа сфармаваць натуральна-навуковы светапогляд.