У холе галоўнага корпуса Купалаўскага універсітэта было цёпла і святочна. Прадстаўнікі педагагічнага факультэта і факультэта эканомікі і кіравання падрыхтавалі мілыя акцыі.
Педагагічны факультэт правёў акцыю «Зрабі паштоўку сваімі рукамі». Усім жадаючым проста ў холе прапаноўвалася стварыць паштоўку з унікальным дызайнам. Купалаўцы актыўна адгукнуліся на такую прапанову, бо ўсе мы рабілі ў дзяцінстве падарункі сваімі рукамі. Акцыя дазволіла вярнуцца ў тыя бестурботныя часы.
Прадстаўнікі факультэта эканомікі і кіравання сумесна з Беларускім саюзам жанчын прапанавалі купалаўцам падпісаць паштоўку і адправіць яе па пошце самаму дарагому чалавеку. Цёплыя словы і пажаданні адрасавалі сваім мамам і студэнты, і выкладчыкі, і супрацоўнікі ўніверсітэта. Усе канверты з пасланнямі валанцёры адправяць па пошце, і пажаданні знойдуць сваіх адрасатаў.