Адбыўся чарговы збор старастаў факультэтаў Купалаўскага ўніверсітэта. У ходзе сустрэчы члены савета змаглі лепш пазнаёміцца, абмеркаваць напрамкі работы і палажэнне аб Савеце стараст.
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы студэнцкае самакіраванне мае вялікае значэнне, а старасты з'яўляюцца праваднікамі паміж студэнтамі і выкладчыкамі, кіраўніцтвам універсітэта.
На мінулай сустрэчы студэнты маглі задаць пытанні, удакладніць незразумелыя пункты ў палажэнні Савета стараст, падзяліцца ідэямі, якія дапамогуць палепшыць яго. Таксама на сустрэчы прайшлі спецыяльныя трэнінгавыя гульні, якія дапамаглі старастам лепш даведацца адзін пра аднаго. У першую чаргу гэта трэба для таго, каб у наступным купалаўцы змаглі свядома абраць старшыню Савета стараст, намесніка старшыні і сакратарыят Савета стараст універсітэта.
Нагадаем, што падчас першага пасяджэння старасты ўніверсітэта абмеркавалі асноўныя кірункі дзейнасці Савета. Прарэктар па вучэбнай рабоце Юрый Бялых адзначыў, што старасты прадстаўляюць інтарэсы студэнтаў. Яны дапамагаюць кіраўніцтву ўніверсітэта, выкладчыкам зразумець, у якіх зменах у адукацыйным працэсе маюць патрэбу студэнты, што ім неабходна, каб максімальна рэалізаваць сябе, дасягнуць поспеху спачатку ў вучобе, а потым у прафесіі, у жыцці.