Арганізатарам алімпіяды выступіла кафедра журналістыкі, якая сабрала навучэнцаў 8-11 класаў школ, гімназій і ліцэяў горада Гродна, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей.
Алімпіяда па журналістыцы традыцыйна праходзіць у два этапы. Першы (завочны) этап - адборачны, ён прадугледжвае выкананне навучальных і кантрольных тэстаў. Да 5 лістапада рабятам трэба выканаць навучальныя тэставыя заданні, якія складаюцца з 20 пытанняў, а з 6 па 7 лістапада - кантрольны тэст, які будзе ўключаць у сябе 10 пытанняў. Выкананне тэставых заданняў будзе ажыццяўляцца ў форме электроннага тэсціравання ў рэжыме on-line. Ацэньванне адказаў навучальнага тэста праводзяць члены журы, ацэньванне адказаў кантрольнага тэста адбываецца аўтаматычна пры праходжанні тэста. Па выніках першага этапа выберуць 30 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прадоўжаць удзел у алімпіядзе.
Адзін з арганізатараў алімпіяды, дацэнт кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Святлана Хвесько адзначыла:
– У гэтым годзе была пададзена рэкордная колькасць заявак – 70, ды і геаграфія ўдзельнікаў больш разнастайная: Брэст, Гродна, Ружаны, Масты, Мір, Ліда, Астравец, Скідзель, Капцёўка, Азёры, Путрышкі.
Фінальны этап у вочным фармаце правядуць на кафедры журналістыкі Купалаўскага ўніверсітэта 27 лістапада. Удзельнікам трэба будзе напісаць сачыненне і падрыхтаваць вусны выступ на зададзеную тэму.
Па выніках правядзення вочнага этапа журы вызначыць пераможцаў і прызёраў алімпіяды і ўзнагародзіць іх дыпломамі I, II, III ступені, а ўдзельнікам, якія вызначыліся, уручаць дыпломы ў намінацыях "Лепшы завочны этап", "Лепшае эсэ" і "Лепшае вуснае выступленне". Акрамя таго, пераможцы алімпіяды будуць мець перавагу пры залічэнні ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў 2022 годзе на спецыяльнасці "Журналістыка" і "Інфармацыя і камунікацыя".
Алімпіяда праводзіцца з мэтай выяўлення і развіцця ў абітурыентаў творчых здольнасцей і цікавасці да журналістыкі і новых медыяў, папулярызацыі ведаў у медыйнай галіне і стварэння неабходных умоў для падтрымкі адораных навучэнцаў.