Па ініцыятыве Цэнтра студэнцкіх ініцыятыў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшоў тэматычны фотаконкурс "Я - студэнт".
Напярэдадні Міжнароднага дня студэнтаў удзельнікі конкурсу дасылалі свае здымкі, звязаныя з найлепшымі момантамі ўніверсітэцкага жыцця. Абмежаванняў для фантазіі канкурсантаў не было, адзіная ўмова: на фота мусіць быць сам удзельнік. На прадстаўленых фатаграфіях можна было заўважыць выкладчыкаў і студэнтаў, шчаслівыя ўсмешкі аднакурснікаў, новы інтэрнат і ўсімі любімы галоўны корпус. Конкурсныя работы былі размешчаны на сайце ўніверсітэта, дзе кожны жадаючы мог прагаласаваць за здымак, які спадабаўся.
У выніку падліку галасоў былі вызначаны аўтары найлепшых фатаграфій. З лікам 173 галасы пераможцам конкурсу «Я - студэнт» стала Лідзія Зурабава, магістрантка факультэта псіхалогіі.
- Гэты конкурс стаў для мяне выдатнай магчымасцю праявіць ініцыятыву і выказаць падзяку выкладчыкам, якія дзяліліся са мной ведамі і перадавалі неацэнны вопыт падчас студэнцтва. Яны для мяне - больш, чым выкладчыкі, а ГрДУ імя Янкі Купалы не проста ўніверсітэт, гэта вялікая і дружная сям'я, - падзялілася эмоцыямі Лідзія.
Студэнтка факультэта давузаўскай падрыхтоўкі Грас Андонга Алембе заняла другое месца, за яе прагаласавала 147 чалавек. Трэцяе месца дасталася студэнтцы 1 курса факультэта псіхалогіі Ксеніі Мохар, якая набрала 63 галасы. Па словах Ксеніі, узнагарода стала для яе прыемнай нечаканасцю:
- Я адразу пагадзілася, калі мне прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе. Раней я займалася фатаграфіяй, але нават не думала, што атрымаю дыплом. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы – гэта дзіўнае месца, дзе можна сустрэць шмат цікавых людзей.
Журы конкурсу прысвоіла дадатковую намінацыю "Інтэрнат - гэта наш другі дом". Яе атрымала студэнтка 1 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Арына Саханько, за якую прагаласавала 57 чалавек.
Сімвалічна, што пераможцаў конкурсу ўзнагародзілі менавіта 17 лістапада - у Міжнародны дзень студэнта. Рабятам былі ўручаны дыпломы і памятныя падарункі.