14 снежня 2021 года споўнілася 15 гадоў з дня адкрыцця кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін. Гэта сур'ёзны рубеж не толькі для супрацоўнікаў кафедры, але і для факультэта!
У гонар знакавай даты было арганізавана цёплае і душэўнае свята, якое сабрала за адным сталом кіраўніцтва ўніверсітэта і факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, калег, выпускнікоў, студэнтаў.
Ганаровымі гасцямі свята сталі дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Мыслівец, які раней узначальваў кафедру-юбіляра, а таксама намеснік начальніка аддзела галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Яўген Леўшык, прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта – дэкан медыка-псіхалагічнага факультэта Святлана Бойка і загадчык кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя Марына Сурмач.
З цеплынёй і ветлівасцю павіншаваў кафедру з юбілеем першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі. Ён адзначыў дасягненні калектыву і перспектывы далейшага развіцця кафедры, пажадаў супрацоўнікам плённай працы і працавітых студэнтаў. Не мог не павіншаваць юбіляра дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч. Таксама віншаванні ў адрас калектыва кафедры гучалі ад калег, выпускнікоў спецыяльнасці "Сацыялогія", студэнтаў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
Усе прысутныя атрымалі магчымасць выступіць, расказаць пра гісторыю станаўлення і развіцця кафедры. Госці свята падзяліліся яркімі ўспамінамі, абмеркавалі сучасны стан сацыялагічнай адукацыі ў Гродзенскім рэгіёне і прапанавалі напрамкі міждысцыплінарнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння з арганізацыямі заказчыкамі кадраў.