Семінар адбыўся ў кантэксце рэалізацыі канцэпцыі практыка-арыентаванага навучання. Арганізатарам выступіла кафедра беларускай філалогіі Купалаўскага ўніверсітэта. Навуковая падзея адбылася ў анлайн-рэжыме на інтэрактыўнай платформе Zoom. Удзел у працы семінара прынялі выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі, студэнты 4-га курса спецыяльнасці "Беларуская філалогія", настаўнікі СШ №32, гімназіі №9 і гімназіі №10, а таксама выкладчыкі-калегі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны: загадчык кафедры беларускай мовы, кандыдат філалагічных навук Алена Воінава і кандыдат філалагічных навук Зоя Шведава.
“Умелае актыўнае карыстанне роднай мовай для выказвання ўласных думак і перажыванняў вучня” – такая цытата вядомага беларускага класіка і педагога Якуба Коласа стала своеасаблівым эпіграфам да семінара, мэтай якога было абмеркаванне традыцыйных форм і перспектыў сумеснай працы ў накірунку “ВНУ – школа” па рэалізацыі практыка-арыентаванага навучання.
На семінары з прывітальным словам выступілі дэкан філалагічнага факультэта Святлана Ганчар і загадчык кафедры беларускай філалогіі Алена Садоўская.
Кіраўнік метадычнага семінара дацэнт кафедры беларускай філалогіі Нона Шандроха пазнаёміла ўдзельнікаў навуковай падзеі з традыцыйнымі формамі рэалізацыі практыка-арыентаванага навучання студэнтаў. Так, яна расказала аб выкладанні дысцыплін і арганізацыі практычных заняткаў на базе СШ нумар 8 і гімназіі нумар 10, правядзенні студэнтамі школьных урокаў і факультатываў у СШ нумар 38, аб напісанні студэнтамі дыпломных работ па заяўках школ і іншых формах узаемадзеяння.
Таксама ўдзельнікі семінара заслухалі прапановы з вопыту работы настаўнікаў і абмеркавалі перспектывы сумеснай работы школ і кафедры ў гэтым напрамку.