Увазе журы конкурсу было прадстаўлена каля 100 прац. Удзельнікамі сталі студэнты, магістранты, аспіранты і супрацоўнікі ўніверсітэта, якія вырабілі навагоднюю ёлку і ёлачныя ўпрыгожанні з альтэрнатыўных матэрыялаў без выкарыстання ігліцы. Узнагароджанне пераможцаў прайшло 30 снежня ў рамках Савета па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце.
Конкурсныя работы ўдзельнікаў былі прадстаўлены ў навучальных карпусах і інтэрнатах студэнцкага гарадка. Журы ацэньвала разнастайнасць, арыгінальнасць і экалагічнасць выкарыстоўваных матэрыялаў, эстэтычную каштоўнасць работ.
Пераможцам конкурсу стала ёлка аўтарскага калектыву студэнтаў 2 курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Іллі Кужалевіча, Аляксандра Вырко і Віталя Сінкевіча. На другім месцы - праца аўтарскага калектыву інтэрната №3 студэнцкага гарадка. На трэцім месцы аказалася творчая работа, створаная спецыялістам кафедры батанікі факультэта біялогіі і экалогіі Вольгай Дземяновіч.
У конкурснай намінацыі “Лепшая цацка” пераможцам стала работа вядучага бібліятэкара навуковай бібліятэкі, размешчанай у галоўным корпусе ўніверсітэта, Алены Такарчук. Другое месца - у старшага выкладчыка кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Алены Антончык, а трэцяе - у дацэнта кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Наталлі Казлоўскай.
Таксама былі вызначаны пераможцы ў намінацыях. Самай "разумнай" ёлкай стала праца вядучага бібліятэкара навуковай бібліятэкі, размешчанай у студэнцкім інтэрнаце №3 па вуліцы БЛК, 3, Валянціны Дудковай. Лепшую навагоднюю дэкарацыю стварыла загадчык інтэрната №2 студэнцкага гарадка Алена Суцягіна. Пераможцам у намінацыі "Лепшы навагодні куток" стаў інтэрнат №4 студэнцкага гарадка.
Таксама ў рамках Савета па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце граматай за шматгадовую плённую работу, добрасумленнае выкананне працоўных абавязкаў узнагародзілі вядучага спецыяліста аддзела аналітычнага, метадычнага і арганізацыйнага забеспячэння ідэалагічнай і выхаваўчай работы Марыю Скерсь.