Напярэдадні старога Новага года адбыўся Адкрыты турнір па міні-футболе на Кубак дэкана факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання, дзе прынялі ўдзел зборныя каманды курсаў факультэта, каманда прафесарска-выкладчыцкага складу і запрошаная каманда СШ №40.
На папярэднім этапе спаборніцтваў сустракаліся студэнцкія каманды факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання 1, 2, 3 і 4 курсаў. Рабяты з вялікім энтузіязмам уступілі ў барацьбу на футбольнай пляцоўцы спартыўнай залы па вуліцы Захарава, 32. Лепшай стала зборная каманда 4 курса. Другое месца - 1 курс, 3 месца - 3 курс.
У фінальнай частцы спаборніцтваў быў прадугледжаны фармат сустрэчы каманды-пераможцы папярэдняга этапу з камандамі прафесарска-выкладчыцкага складу факультэта і запрошанай камандай СШ №40, якую ўзначальвае дырэктар школы Аляксандр Рымко, выпускнік-купалавец.
У фінале трэцяе месца заваявала каманда 4 курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання, другое месца ў каманды прафесарска-выкладчыцкага складу, а першае месца заняла каманда СШ №40.
Таксама па выніках турніру вызначаны намінацыі. Лепшым варатаром стаў студэнт 1 курса Гардзей Бяляеў, лепшым абаронцам прызнаны студэнт 3 курса Мацвей Гайко. Лепшы нападаючы, бамбардзір, MVP турніру - студэнт 4 курса Кірыл Капко. У складзе судзейскай брыгады турніру была студэнтка 1 курса Крысціна Байгот, КМС па футболе.