У госці на фізіка-тэхнічны факультэт прыйшлі навучэнцы ліцэя №1 горада Гродна. Выкладчыкі фізіка-тэхнічнага факультэта правялі экскурсіі ў навукова-даследчыя лабараторыі факультэта.
Дацэнт кафедры агульнай фізікі Іна Мацевіч расказала гісторыю стварэння і развіцця лабараторыі малекулярнай спектраскапіі і оптыкі нанаструктур. Іна Рыгораўна прадэманстравала ліцэістам магчымасці ўнікальнага абсталявання лабараторыі. Жадаючыя, у ліку якіх быў і дырэктар ліцэя Ігар Маслаў, змаглі правесці бліц-даследаванні на канфакальным мікраспектрометры Nanofinder Solar TII і на атамна-сілавым мікраскопе NT-MDT.
Намеснік дэкана фізіка-тэхнічнага факультэта, кіраўнік лабараторыі радыяцыйнага матэрыялазнаўства Наталля Валько расказала пра тонкасці і нюансы даследавання структуры металаў і сплаваў, а таксама пра асаблівасці вывучэння эксплуатацыйных уласцівасцяў пакрыццяў. Ліцэістам прадэманстравалі працу рэнтгенаўскіх дыфрактаметраў Дрон 3М і Дрон 4.13, прызначаных для правядзення якаснага і колькаснага аналізу полікрышталічных матэрыялаў.
Асаблівую цікавасць у ліцэістаў выклікала экскурсія ў суперкамп'ютарны рэсурсны цэнтр "СКІФ", якую правёў дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі і цеплатэхнікі Аляксандр Нікіцін. Ён распавёў аб прызначэнні і магчымасцях суперкампутара, адзначыўшы важнасць вылічэнняў, якія праводзяцца ў рамках навукова-даследчых прац.