Наведаць тэхнапарк запрасілі рабят з СШ №32 і №39, якія былі ў ліку тых, хто маляваў працы для выставы, якая стала часткай адкрыцця Навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ імя Янкі Купалы.
Начальнік цэнтра трансферу тэхналогій Алена Апякун сумесна з педагагічным факультэтам пры падтрымцы дырэктара РУП УНТПЦ "Тэхналаб" Аляксандра Васілевіча правяла экскурсію для 125 вучняў СШ №32 і СШ №39 у Навукова-тэхналагічным парку ГрДУ імя Янкі Купалы.
Школьнікам паказалі вытворчыя памяшканні, каворкінгі і электрамабіль, які выклікаў у дзетак буру эмоцый. У рамках экскурсіі дацэнт кафедры міжнароднага бізнесу і маркетынгу Уладзімір Ляўшук прачытаў займальную лекцыю "Што такое бізнес". Алена Апякун ад імя ўніверсітэта ўручыла ўсім удзельнікам выставы малюнкаў памятныя падарункі.
Маленькія наведвальнікі, нягледзячы на свой узрост, здолелі ацаніць маштаб адкрытага аб'екта і з цікавасцю паслухалі пазнавальную лекцыю.