Мерапрыемства прайшло на базе Навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ імя Янкі Купалы 31 мая і сталася пляцоўкай для развіцця навыкаў у галіне інавацыйнага прадпрымальніцтва студэнтаў.
Фестываль маладзёжных інавацый "ІнаФэст" праводзіцца ў Купалаўскім універсітэце ўпершыню. У праграме Фестывалю – конкурс інавацыйных прататыпаў і праектных рашэнняў "ПраСтарт" у фармаце дэманстрацыі і дыялогу з журы, прэзентацыя міждысцыплінарных праектаў, а таксама дэманстрацыя напрамкаў навуковых даследаванняў і вынікаў навуковай дзейнасці факультэтаў.
Як распавяла начальнік цэнтра трансферу тэхналогій Алена Апякун, Форум інавацый «ІнаФэст» - гэта цікавае і адначасова вельмі карыснае для студэнтаў мерапрыемства. Яно мае інавацыйную, навуковую і прадпрымальніцкую накіраванасць:
- Як вядома, у нашым універсітэце двойчы ў год праходзіць конкурс «ІнНаСтарт», і пераможцы гэтага конкурсу сёння тут змагаюцца паміж сабой. Мы будзем выбіраць пераможцаў у дзвюх намінацыях "Прадукт" і "Паслуга". Для таго, каб студэнты азнаёміліся з тым, што адбываецца ва ўніверсітэце, факультэты прэзентуюць свае інавацыйныя і навуковыя распрацоўкі. Акрамя таго, у рамках форуму таксама праходзіць прэзентацыя міждысцыплінарных праектаў - курсавых і дыпломных работ, якія выконваюцца некалькімі студэнтамі розных факультэтаў, што з'яўляецца інавацыйным вопытам ва ўніверсітэце.
Сярод інавацыйных прататыпаў і праектных рашэнняў - студэнцкія распрацоўкі зусім рознай накіраванасці. У якасці прататыпаў тут прадстаўлены і "Настольныя гульні для прафарыентацыі абітурыентаў", і "Тэлеграм-канал з фізічнымі практыкаваннямі для самастойных заняткаў", і "Галерэя лічбавага мастацтва", і "Электраэкстракцыя хелатных злучэнняў медзі і іх ахоўная функцыя на расліны", і " Інавацыйнае пакрыццё S-res», і многія іншыя цікавыя праекты.
Маладыя распрацоўшчыкі з энтузіязмам расказваюць аб сваіх бізнес-ідэях, дзеляцца планамі на будучыню і натхняюць адзін аднаго на развіццё і поспех.
Так, адзін са студэнцкіх праектаў, «Галерэя лічбавага мастацтва» уяўляе сабой выставачную пляцоўку з поўным функцыянаваннем на базе лічбавых тэхналогій, экспанаваннем розных напрамкаў медыямастацтва і візуальнага кантэнту на базе медыятэхналогій, штучнага інтэлекту, праграмнага забеспячэння, калабарацыяў навукі і мастацтва.
– Дзякуючы выкарыстанню мноства розных інтэрактыўных эфектаў: рухомых карцін, люстраных лабірынтаў, па-майстэрску падабранай падсветкі, музычнага суправаджэння, адначасовага паказу малюнкаў на мностве экранаў ствараецца эфект поўнага апускання ў адзінае аўдыёвізуальнае дзеянне, – распавядае Вераніка Кавалёва, студэнтка 2 курса спецыяльнасці «Дызайн (віртуальнага асяроддзя)» факультэта мастацтваў і дызайну.
У камандзе распрацоўшчыкаў праекта акрамя Веранікі Кавалёвай яшчэ дзве аднакурсніцы - Надзея Афонькіна і Дыяна Наско. Дзяўчыны ўжо прадумалі, колькі квадратных метраў трэба для іх галерэі, колькі будзе каштаваць білет для наведвальніка, а таксама пралічылі, за колькі гадоў акупіцца іх будучы бізнэс.
Прататып аграквадракоптара прадставіў Аляксандр, студэнт факультэта матэматыкі і інфарматыкі:
- Мая распрацоўка - гэта дрон, які лётае ў аўтаномным рэжыме і знаходзіць пажары. Ён будзе карысны МНС, таму што можа знаходзіць у лясах пажар на ранняй стадыі і прадухіляць маштабнае ўзгаранне. Акрамя пажараў робат можа шукаць шкоднікаў на палях, незасеяныя ўчасткі і іншае. Сёння на рынку няма дронаў, якія будуць ажыццяўляць пошук без дапамогі чалавека.
Каворкінг-зона ў Тэхнапарку ў гэты дзень стала месцам правядзення прэзентацый міждысцыплінарных праектаў. Усяго ў гэты дзень было прэзентавана каля сарака праектаў рознай накіраванасці.
У рамках правядзення фестывалю адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу інавацыйных прататыпаў і праектных рашэнняў "ПраСтарт", персанальнага конкурсу студэнтаў-даследчыкаў ГрДУ імя Янкі Купалы. Узнагароды атрымалі і найлепшыя міждысцыплінарныя праекты.
.