Матчавая сустрэча па грэка-рымскай барацьбе паміж камандамі ГрДУ імя Янкі Купалы і Уральскага федэральнага ўніверсітэта імя першага Прэзідэнта Расіі Б.М. Ельцына аб'яднала дваццаць спартоўцаў. Спаборніцтвы праходзілі 5 і 6 жніўня і былі прымеркаваны да Года гістарычнай памяці.
Падчас цырымоніі адкрыцця ўдзельнікаў сустрэчы прывітаў старшыня Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Барыс Казялкоў:
- Правядзенне адкрытага турніру ў Гродне з удзелам спартсменаў з Расіі яшчэ раз пацвярджае, што прафсаюз, нягледзячы на ўсе цяжкасці, працягвае актыўна развіваць спорт у Беларусі і падтрымліваць спартсменаў. Выдатна, што Гродна чарговы раз становіцца цэнтрам міжнароднага спартыўнага жыцця. Упэўнены, нашы барацьбіты дакажуць, што знаходзяцца ў выдатнай форме, і пакажуць сумленную барацьбу і выдатныя вынікі.
У сваім прывітанні рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адзначыла, што спорту ў Купалаўскім універсітэце ўдзяляецца вялікая ўвага, а барацьба з'яўляецца яго візітнай карткай:
- Такі высокі сход на нашай матчавай сустрэчы гаворыць аб яе значнасці. Выказваю словы шчырай удзячнасці за тое, што спаборніцтвы паміж двума ўніверсітэтамі ўпрыгожваюць вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі людзі.
Ірына Фёдараўна выказала словы падзякі рэктару Уральскага федэральнага ўніверсітэта імя першага Прэзідэнта Расіі Б.М. Ельцына за выдатную каманду, якая прыехала ў Беларусь, і пажадала ўсім поспехаў.
Спаборніцтвы прайшлі ў дзесяці вагавых катэгорыях: 55, 60, 63, 67, 72, 77, 82, 87, 97 і 130 кілаграмаў. У кожнай за перамогу змагаліся па адным спартоўцу ад каманды. На дыване - тытулаваныя барцы, якія дэманструюць выдатныя вынікі на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню. Сярод іх - сярэбраны медаліст чэмпіянату свету 2017 года, чэмпіянату Еўропы 2017 і 2021 гадоў Радзік Куліеў, а таксама Саслан Даураў, сярэбраны прызёр Еўрапейскіх гульняў 2015 года.
Барацьба была напружанай, не абышлося без уражлівых кідкоў, якія выклікалі гучныя апладысменты гледачоў. Спаборніцтвы скончыліся нічыёй 5:5.
Матчавая сустрэча адбылася ў рамках адкрытага турніру на кубак Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў.