Старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Аляксандр Гучок сустрэўся з вучонымі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, каб абмеркаваць змены ў заканадаўстве, якое тычыцца атэстацыйнага працэсу.
Удзельнікамі сустрэчы сталі купалаўцы, якія займаюцца навукай і маюць дачыненне да навуковай дзейнасці, а самі зносіны прайшлі ў сценах Навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ імя Янкі Купалы – месцы, дзе сканцэнтраваліся навуковыя інавацыі і тэхналогіі не толькі ўніверсітэта, але і ўсяго рэгіёна.
Як адзначыў Аляксандр Гучок у час выступлення, Вышэйшая атэстацыйная камісія - гэта адкрыты дзяржаўны орган, які зацікаўлены ў тым, каб максімальную колькасць суіскальнікаў абаранілі свае навуковыя работы і атрымалі адпаведныя вучоныя званні.
- Асноўныя змены якраз закранулі адкрытасць атэстацыйнага працэсу і накіраваныя на тое, каб ён стаў яшчэ больш празрыстым. Шэраг навел змякчыў патрабаванні да суіскальніка, яны зараз уніфікаваны і аднолькавыя як для навуковых супрацоўнікаў, так і супрацоўнікаў устаноў адукацыі. Універсальнымі сталі і патрабаванні па колькасці публікацый. Раней у кожнай галіне яны былі індывідуальныя, - расказаў Аляксандр Гучок.
Навука для любога ўніверсітэта – найважнейшы складнік, бо без яе неймаверна існаванне любой вышэйшай навучальнай установы, адзначыла рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
- У Купалаўскім універсітэце надаецца шмат увагі падрыхтоўцы кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. Штогод усё больш навуковых тэм атрымліваюць дзяржаўнае фінансаванне. Наш універсітэт шматпрофільны, таму цяжка вылучыць нейкі адзін перспектыўны і паспяховы напрамак, бо яны ўсе на высокім узроўні развіцця, - адзначыла Ірына Фёдараўна.
Як адзначыла Ірына Фёдараўна, сустрэча са старшынёй ВАК была важная і карысная і для дактарантаў, і аспірантаў, і магістрантаў, і, вядома, студэнтаў, якія толькі пачынаюць свой шлях у навуцы.