Першы этап XIII дыстанцыйнай алімпіяды па матэматыцы Школы дакладных навук сярод навучэнцаў 4-8 класаў прайшоў з 24 па 28 лістапада 2022 г. на базе факультэта матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ імя Янкі Купалы. Удзел у алімпіядзе прынялі 1566 школьнікаў з усёй Беларусі.
Арганізатар алімпіяды - начальнік Цэнтра развіцця кар'еры, дацэнт кафедры матэматычнага аналізу, дыферэнцыяльных ураўненняў і алгебры факультэта матэматыкі і інфарматыкі Ірына Карлюкова.
У ГрДУ імя Янкі Купалы дыстанцыйная алімпіяда па матэматыцы праводзіцца з сакавіка 2011 года. Для ўдзелу ў ёй запрашаюцца вучні 4–8 класаў. У параўнанні са старэйшымі школьнікамі, навучэнцы сярэдняга звяна маюць значна менш магчымасцей праявіць сябе на алімпіядах рознага ўзроўню. У гэтым узросце ў рабят праяўляецца найбольшая цікавасць да матэматыкі, якую варта падтрымліваць.
Правядзенне такога кшталту алімпіяды заклікана паспрыяць павышэнню і падтрымцы цікавасці школьнікаў да матэматыкі, развіццю ў іх здольнасці мысліць творча, шукаць нестандартныя падыходы да вырашэння задач, а таксама падрыхтаваць іх да ўдзелу ў алімпіядах больш высокага ўзроўню ў старэйшых класах.
Форма правядзення дыстанцыйнай алімпіяды простая. Вучням кожнага класа прапануецца 12 задач трох розных узроўняў.
Задачы 1-га ўзроўню прадугледжваюць выкарыстанне выключна школьнай праграмы, і любы вучань, які добра засвоіў матэрыял у школе, здольны паспяхова з імі справіцца.
Задачы 2-га ўзроўню таксама не патрабуюць ведаў, якія выходзяць за рамкі школьнага курсу, аднак прадугледжваюць уменне рабят прымяняць іх у незнаёмых, больш нестандартных сітуацыях; такога роду задачы звычайна прапануюцца вучням у школе ў якасці заданняў на 9-10 балаў.
Нарэшце, задачы трэцяга ўзроўню ўяўляюць сабой заданні выключна алімпіяднага характару, такія задачы звычайна і прапануюцца на традыцыйных вочных алімпіядах і дазваляюць выявіць сярод многіх рабят тых, якія маюць здольнасці да матэматыкі, найбольш таленавітых.
На вырашэнне задач удзельнікам адводзіцца 1 гадзіна, усе 12 задач прапануюцца ім па чарзе ў выпадковым парадку.
Другі этап XIII дыстанцыйнай алімпіяды Школы дакладных навук пройдзе з 25 да 29 студзеня 2023 года.
Падрабязная інфармацыя на сайтах http://math.grsu.by/.
.