Завяршылася работа па буйным праекце для спецыялістаў ААТ "Гродна Азот" у рамках практыка-арыентаванага семінара "Актуальныя пытанні аналізу фінансава-гаспадарчай дзейнасці ў арганізацыях розных галін народнай гаспадаркі".
Распрацоўшчыкам праграмы практыка-арыентаванага семінара выступіла дэкан факультэта эканомікі і кіравання Марына Карпіцкая. Слухачамі праграмы сталі 16 кіраўнікоў і спецыялістаў фінансавых і эканамічных службаў ААТ "Гродна Азот". Заняткі ў аб'ёме 60 гадзін праводзіліся на факультэце выкладчыкамі кафедры фінансаў і бухгалтарскага ўліку ў розных аўдыторыях, камп'ютарных класах, што дало магчымасць выкарыстоўваць сучасныя інавацыйныя метады выкладання і паказаць магчымасці выкарыстання аўтаматызаваных праграм у практычнай дзейнасці прадпрыемстваў хімічнай галіны.
У рамках цеснага ўзаемадзеяння з выкладчыкамі слухачы змаглі атрымаць прафесійныя кампетэнцыі, практычныя навыкі па правядзенні эканамічнага аналізу фінансава-гаспадарчай дзейнасці суб'ектаў гаспадарання ва ўмовах уплыву санкцыйных абмежаванняў, канкурэнцыі на знешніх рынках, па эфектыўным кіраванні грашовымі патокамі, практыка-арыентаваныя навыкі па выкарыстанні інфармацыі ўліку, справаздачнасці і яе аналізу з прымяненнем аўтаматызаваных праграм у арганізацыйнай, эканамічнай, кіраўніцкай рабоце.
Усе слухачы вельмі высока ацанілі якасць адукацыйных паслуг і выказалі надзею на працяг далейшага супрацоўніцтва. Уразіла гасцей і сучасная інфраструктура факультэта, бібліятэчныя фонды, арганізацыя харчавання. Пры сацыялагічным апытанні аб якасці прадстаўленай паслугі факультэтам эканомікі і кіравання Купалаўскага ўніверсітэта рэспандэнты адказалі на 17 пытанняў і практычна па ўсіх з іх атрыманы найвышэйшы бал.
Такія праекты плануецца рэалізаваць выкладчыкамі факультэта эканомікі і кіравання ў рамках супрацоўніцтва з Воранаўскім раённым выканаўчым камітэтам і іншымі рэгіёнамі нашай вобласці.