Арганізатары курсаў прапанавалі слухачам новую праграму навучання, у цэнтры ўвагі якой аказалася лічбавая дыдактыка і спосабы ацэньвання вынікаў вучэбнай дзейнасці студэнтаў.
Асэнсаванне працэсу трансфармацыі адукацыйнага працэсу прыводзіць да разумення, што ўкараненне лічбавых тэхналогій часта не дае чаканых вынікаў, паколькі грунтуецца на класічнай дыдактыцы (выкарыстоўваюцца "старыя" прынцыпы навучання, спосабы арганізацыі адукацыйнага працэсу, мадэлі заняткаў, формы ацэньвання). Таму важна мэтанакіравана знаёміць выкладчыкаў з асновамі лічбавай дыдактыкі, паказваць якія прынцыповыя змены адбываюцца ў адукацыйным працэсе, як павінна мяняцца прафесійная дзейнасць педагогаў у лічбавай адукацыйнай прасторы.
- Сёння ва ўніверсітэце сфарміраваўся пул выкладчыкаў, якія адкрыта дзеляцца сваім вопытам, сваімі напрацоўкамі, сваім бачаннем у галіне адукацыйных інавацый, за гэта ім вялікі дзякуй, - адзначыла ў прывітальным слове начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення Марына Калацей. - Мы разлічваем, што па выніках навучання ў нашых слухачоў з'явяцца публікацыі, метадычныя распрацоўкі, абноўленыя навучальныя праграмы, ідэі для рэалізацыі ў навуковай сферы, у студэнцкай аўдыторыі, у рамках міждысцыплінарных праектаў.
У першы дзень курсаў сваімі разважаннямі аб уплыве цыфравізацыі на развіццё сістэмы адукацыі, аб прыярытэтах у фарміраванні лічбавай пісьменнасці сучасных педагогаў падзялілася са слухачамі прафесар кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі, кандыдат філалагічных навук Людміла Рычкова. Яе думкі, шырокія па ахопе і глыбокія па зместу, былі адрасаваны тым выкладчыкам, якія не здавольваюцца асабістым вопытам адукацыйнай дзейнасці, а імкнуцца глыбей вывучыць умовы і фактары сістэмнага абнаўлення адукацыйнага працэсу ў сучасным насычаным і тэхналагічным лічбавым асяроддзі.
- Калі мы разглядаем інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыі з пункту гледжання доступу да інфармацыі, яе аналізу і выкарыстання, не трэба забываць моманты эмпатыі, талерантнасці, суперажывання, якія з'яўляюцца адвечнымі культурнымі рысамі беларускага этнасу. Студэнтам трэба дапамагаць знаходзіць і засвойваць культурныя коды нацыі ў сучаснай інфармацыйнай прасторы, - падкрэсліла Людміла Рычкова. - Важна памятаць словы савецкага псіхолага, стваральніка тэорыі дзейнасці А.М. Лявонцьева аб тым, што "паглыбленне ў "адукацыя розуму" адсунула на другі план "адукацыя сэрца" і прывяло да збяднення душы пры ўзбагачэнні інфармацыяй".
Сутнасныя характарыстыкі лічбавай дыдактыкі былі раскрыты загадчыкам лабараторыі адукацыйных інавацый Алегам Калягам. На яго думку, пакуль лічбавая дыдактыка знаходзіцца ў пачатку свайго станаўлення, а яе тэарэтычныя палажэнні карэктуюцца, удакладняюцца і дапаўняюцца, трэба даць "у рукі" выкладчыкаў не толькі інструменты лічбавых тэхналогій, але і канкрэтныя метадычныя рэкамендацыі па іх выкарыстанні ў адукацыйным працэсе.
У праграме курсаў два навучальныя модулі, іх змест прадставяць 8 мадэратараў з ліку выкладчыкаў Купалаўскага ўніверсітэта, якія маюць вопыт выкарыстання лічбавых тэхналогій навучання ў вучэбнай дзейнасці.
Ініцыятарам курсаў выступіла лабараторыя адукацыйных інавацый, супрацоўнікі якой аказваюць арганізацыйную і метадычную дапамогу на працягу ўсяго перыяда правядзення курсаў.
Курсы будуць праходзіць два разы на тыдзень па чацвяргах і пятніцах у камп'ютарных класах (аўд. 109 і 227) навучальнага корпуса па вул. Ажэшкі, 22. Больш падрабязна аб раскладзе.