Каманда Рэспублікі Беларусь паспяхова выступіла на 12-й Еўрапейскай матэматычнай алімпіядзе для дзяўчат, якая праходзіла ў перыяд з 13 па 19 красавіка ў Славеніі (г.Партарож), заваяваўшы чатыры бронзавыя медалі.
Адным з бронзавых медалёў удастоена Алена Вярцінская, навучэнка XI класа ДУА "Гімназія № 3 імя А.І.Соломавай г. Гродна" і слухач курсаў "Алімп" навучальнага цэнтра "Школа дакладных навук" факультэта матэматыкі і інфарматыкі.
Як зазначае Алена Вярцінская, яна рыхтавалася ў штатным рэжыме. З раніцы – у гімназіі са сваім трэнерам Яўгенам Разумавым, а ў другой палове дня – на курсах з выкладчыкамі Купалаўскага ўніверсітэта Ірынай Карлюковай і Наталляй Казлоўскай.
- Увечары рыхтавалася дома сама. Апроч магчымасці працаваць з іншымі выкладчыкамі, наведванне курсаў таксама дазваляе патрапіць у канкурэнтнае асяроддзе, што немалаважна. Курсы для падрыхтоўкі да алімпіядаў ва ўніверсітэце я наведваю з 7 класа, - распавяла дзяўчына.
Варта адзначыць, што трэнеры Алены - выпускнікі факультэта матэматыкі і інфарматыкі Купалаўскага ўніверсітэта, пераможцы алімпіяд рознага ўзроўню, якія ў свой час трэніраваліся пад кіраўніцтвам Ірыны Карлюковай.
Даведачна. EGMO (European Girls' Mathematical Olympiad, Еўрапейская матэматычная алімпіяда сярод дзяўчат) - гэта міжнародны матэматычны конкурс, які па ўмовах правядзення падобны на Міжнародную матэматычную алімпіяду. Праводзіцца ў два туры. Краіны-ўдзельніцы дэлегуюць каманды, якія складаюцца з чатырох дзяўчат-матэматыкаў школьнага ўзросту. Алімпіяда праводзіцца з 2012 года.