18 красавіка ў рамках V Студэнцкага навуковага форуму FIKIT_SCIENCE адбылася прэзентацыя зборніка дакументаў і матэрыялаў «Гродзеншчына ў ліпені-верасні 1920 г.: улада і грамадства». Зборнік быў падрыхтаваны ў Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці.
У прадстаўленым зборніку публікуюцца дакументы і матэрыялы, якія адлюстроўваюць станаўленне і развіццё першых органаў савецкай улады на тэрыторыі Гродзеншчыны летам 1920 года – валасных і павятовых рэўкомаў, іх палітыку ў галіне народнай адукацыі, аховы здароўя, сельскай гаспадаркі.
Дакументы, якія ўвайшлі ў зборнік, раней не былі прадстаўлены ў публікацыях падобнага роду. У зборнік уключана 140 дакументаў і 90 ілюстрацый. Навуковымі рэдактарамі зборніка выступілі дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Горны і аспірант кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, настаўнік гісторыі ДУА «Гімназія № 7 імя У. Т. Калакольнікава г. Гродна» Кірыл Ананько
Была падкрэслена важнасць супрацоўніцтва архіўных работнікаў з навукоўцамі з Купалаўскага ўніверсітэта, якая стала асновай для выдання ўжо трэцяга сумеснага зборніка дакументаў. Дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазоравіч адзначыў, што публікацыя крыніц падобнага роду пашырае наша ўяўленне аб розных аспектах гісторыі Беларусі найноўшага часу, спрыяе больш глыбокаму асэнсаванню раней не вывучаных праблем гісторыі Гродзеншыны. Адзін з рэдактараў зборніка, гісторык Аляксандр Горны ахарактарызаваў найбольш цікавыя дакументы, прадстаўленыя ў зборніку, і падзяліўся сваім вопытам складання каментароў і рэдактарскай працы.