У рамках абласнога праекта "Вітамінка" для ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў на Гродзенскім кансервавым заводзе будуць працаваць 70 хлопчыкаў і дзяўчынак з трох студатрадаў.
Перад тым, як пачаць работу, кожны студатрадавец прайшоў уступны інструктаж па ахове працы. За кожным атрадам замацавалі начальніка ўчастка, які будзе сачыць за тым, каб прадукт правільна чысціўся ад прымешак, апускаўся ў тару, закочваўся і складаваўся. Сярод 70 байцоў – 32 купалаўцы. Студэнт 2 курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Аляксей Сябер падзяліўся ўражаннямі:
- Аб магчымасці папрацаваць на Гродзенскім кансервавым заводзе нам распавялі ва ўніверсітэце. Вырашыў не ўпускаць класную магчымасць. Як прадстаўніку тэхнічнай спецыяльнасці, мне важна разумець усе аспекты вытворчасці на практыцы. Разам з сябрамі ўдзельнічаю ў вырабе кансерваванага гароху.
Гэты праект абласны камітэт ГА "БРСМ" рэалізуе сумесна з Гродзенскім кансервавым заводам. Дарэчы, усяго ў студатрады рознага профілю на Гродзеншчыне сёлета плануецца працаўладкаваць каля 7 500 чалавек. Моладзь рэгіёну будзе працаваць на 257 аб'ектах.