У Купалаўскім універсітэце 11 кастрычніка адбылося пасяджэнне Савета маладых спецыялістаў. Удзельнікамі мерапрыемства сталі маладыя спецыялісты з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу і спецыялістаў структурных падраздзяленняў універсітэта. Да ўдзелу ў мерапрыемстве далучыліся і настаўнікі маладых спецыялістаў.
З прывітальным словам да маладых спецыялістаў звярнуўся першы прарэктар Аляксандр Карэўскі, які падкрэсліў, што адным з прыярытэтных напрамкаў кадравай палітыкі ўніверсітэта з'яўляецца прыцягненне ва ўніверсітэт і замацаванне маладых спецыялістаў, праца з таленавітай і адоранай моладдзю. Расказаў аб магчымасцях для раскрыцця патэнцыялу маладых спецыялістаў і падтрымцы іх ініцыятыў з боку адміністрацыі ўніверсітэта. Акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў на карпаратыўных каштоўнасцях Купалаўскага ўніверсітэта як аснове карпаратыўнай культуры і карпаратыўнага менеджменту.
Прарэктар па бяспецы і кадрах Аляксей Бяззубік і следчы па асабліва важных справах СУ УСК па Гродзенскай вобласці Андрэй Філіновіч асаблівую ўвагу надалі пытанням прафілактыкі экстрэмізму сярод моладзі.
− Моладзь у сілу вастрыні ўспрымання навакольнага становішча з'яўляецца той часткай грамадства, якая найбольш схільная да экстрэмісцкіх праяваў, аказваецца найбольш даступнай для прапаганды радыкальных ідэй. Экстрэмісцкімі з'яўляюцца дзеянні, звязаныя з імкненнем разбурыць, зганьбаваць існуючыя ў цяперашні час грамадскія і дзяржаўныя інстытуты, правы, традыцыі, каштоўнасці. Прыярытэт у працы па прафілактыцы экстрэмізму сярод моладзі адводзіцца мерам выхаваўчага і прапагандысцкага характару, − распавёў Андрэй Філіновіч.
Гэты год Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь аб'яўлены Годам міру і стварэння. Сняжана Семярнік спынілася на паняцці Міру − як найвялікшай каштоўнасці, а Стварэння – як адказнай працы кожнага з нас. Важным напрамкам дзейнасці маладога пакалення павінна быць фарміраванне арыентацый на каштоўнасці, якія прапаведуюць ідэалы дабра, прыгажосці, ісціны.
10 лайфхакаў спецыялісту-пачаткоўцу дала загадчык кафедры агульнай і сацыяльнай псіхалогіі Анжэла Пеўнева.
У сваю чаргу намеснік старшыні першаснай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў універсітэта Мікалай Ватыль распавёў аб інструментах падтрымкі маладых спецыялістаў у нашым універсітэце, надаў увагу пытанням забеспячэння маладых спецыялістаў жыллём.
Старшыня Савета маладых спецыялістаў Алена Антончык прадставіла ўвазе ўдзельнікаў пасяджэння даклад аб рабоце Савета за 2022/2023 навучальны год.
У адпаведнасці з Палажэннем аб Савеце маладых спецыялістаў ГрДУ імя Янкі Купалы быў пераабраны персанальны склад Прэзідыума Савета маладых спецыялістаў на бліжэйшыя два гады і намеснік старшыні Савета. Ім стаў выкладчык-стажор кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл Вадзім Стасюкевіч.
Дзейнасць Савета маладых спецыялістаў Купалаўскага ўніверсітэта накіравана на дапамогу ў адаптацыі і замацаванні маладых спецыялістаў ва ўніверсітэце, садзейнічанне іх прафесійнаму і кар'ернаму росту за кошт забеспячэння ўдзелу ў справах універсітэта і грамадскага жыцця, прапаганду прынцыпаў карпаратыўнай культуры, дапамогу ў вырашэнні розных сацыяльных праблем.