У Гімназіі № 6 імя Ф.Э. Дзяржынскага горада Гродна адбыўся дыялог у рамках рэалізацыі інфармацыйна-адукацыйнага праекта «Школа актыўнага грамадзяніна» для навучэнцаў 8-11 класаў.
Тэма сустрэчы – «Радзіма мая Беларусь у асобах. Слаўныя імёны ў навуцы і адукацыі». Перад гімназістамі выступіла загадчык кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёлін Вольга Янчурэвіч. Вольга Віктараўна з'яўляецца выпускніцай гэтай установы адукацыі, якую паспяхова скончыла з залатым медалём. Раней гэта была сярэдняя школа №25 горада Гродна.
Вольга Віктараўна акцэнтавала ўвагу навучэнцаў на важнасці адукацыі і навукі ў сучасным грамадстве, актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў адносінах да прафесійнага росту. Таксама ўдзельнікі дыялогу падкрэслілі важнасць пачуцця гонару за дасягненні беларускіх вучоных, пагаварылі аб магчымасцях маладых людзей і дзяржаўнай падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі.
Вольга Янчурэвіч адказала на пытанні, якія цікавяць хлопчыкаў і дзяўчынак: у якіх напрамках працуюць вучоныя факультэта біялогіі і экалогіі, на якія спецыяльнасці біялагічнага профілю можна паступіць у 2024 годзе і іншыя.