17 лютага, у дажджлівую суботу, на ваенным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй, які прыцягнуў мноства школьнікаў і іх бацькоў. Гэта была ўнікальная магчымасць для наведвальнікаў убачыць будні курсантаў знутры і пагутарыць з кіраўніцтвам факультэта.
Больш за 220 школьнікаў з усёй Гродзенскай вобласці і горада Гродна наведалі мерапрыемства.
Гасцей на ваенным факультэце гасцінна сустрэлі. Яны маглі прыняць удзел у экскурсіі па вучэбных карпусах, паглядзець на практычныя заняткі курсантаў, а таксама задаць пытанні кіраўніцтву факультэта.
Начальнік ваеннага факультэта Генадзь Песляк адзначыў, што на факультэце, дзе пануе атмасфера дысцыпліны, адказнасці і прафесіяналізму, імкнуцца да высокага ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў, якія будуць гатовы служыць Радзіме.
Школьнікі з захапленнем разглядалі ваенную тэхніку, зброю і амуніцыю, а таксама ўдзельнічалі ў майстар-класах па ваенна-прыкладных навыках. Бацькі ж цікавіліся ўмовамі навучання на факультэце, магчымасцямі для сваіх дзяцей і перспектывамі пасля заканчэння навучання.
– Было вельмі цікава даведацца, як вучацца будучыя афіцэры і што ім даводзіцца рабіць. Нам прапанавалі паспрабаваць салдацкую кашу! Я нават не чакаў, што такая простая ежа можа быць такой смачнай. Цяпер я разумею, чаму ў войску так шануюць кашу. Увогуле, я застаўся вельмі задаволены гэтым днём і нават задумаўся аб тым, каб паступіць на ваенны факультэт у будучыні, – расказаў навучэнец сярэдняй школы № 1 горада Баранавічы імя С. І. Грыцаўца Данііл Галеўскі.
– Я заўсёды марыў стаць абаронцам сваёй краіны і дапамагаць людзям. Пасля наведвання Дня адчыненых дзвярэй на ваенным факультэце я зразумеў, што гэта менавіта тое, чым хачу займацца. Я гатовы вучыцца старанна, каб стаць прафесіяналам у сваёй справе і бараніць сваю радзіму. Гэта мая мара, і я зраблю ўсё, каб яе здзейсніць, – падзяліўся навучэнец сярэдняй школы № 42 горада Гродна Яўген Болтак.
Многія наведвальнікі адзначылі высокі прафесіяналізм выкладчыкаў і курсантаў. Дзень адчыненых дзвярэй стаў выдатнай магчымасцю для ўсіх жадаючых пазнаёміцца бліжэй з ваеннай адукацыяй і даведацца больш аб жыцці будучых афіцэраў.
Дзень адчыненых дзвярэй на ваенным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы стаў пазнавальным мерапрыемствам, якое дапамагло школьнікам і іх бацькам лепш зразумець спецыфіку навучання на дадзеным факультэце і магчымасці, якія адкрываюцца перад выпускнікамі.