17 і 18 лютага заключны этап Шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды сабраў больш за 300 абітурыентаў з розных рэгіёнаў Беларусі, паводле яе вынікаў 126 абітурыентаў сталі пераможцамі.
У 2023-2024 навучальным годзе Шматпрофільная алімпіяда Купалаўскага ўніверсітэта ўключае 10 алімпіяд па васьмі вучэбных прадметах: беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура, англійская мова, матэматыка, фізіка, біялогія, хімія і гісторыя Беларусі.
Пры гэтым дзве алімпіяды праводзяцца для дзвюх розных груп спецыяльнасцей. Па вучэбным прадмеце «Матэматыка» алімпіяда праводзіцца для наступных груп спецыяльнасцей: група 1 – «Работатэхнічныя сістэмы», «Тэхналогія машынабудавання, металарэжучыя станкі і інструменты», «Эксплуатацыя наземных транспартных і тэхналагічных машын і комплексаў», «Інфармацыйна-вымяральныя прыборы» , «Электраэнергетыка і электратэхніка», «Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў», «Інжынерныя сеткі, абсталяванне будынкаў і збудаванняў» і група 2 – «Матэматыка» і «Прыкладная матэматыка».
Па вучэбным прадмеце «Біялогія» алімпіяда праводзіцца для наступных груп спецыяльнасцяў: група 1 – «Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя», «Псіхалогія», «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» і група 2 – « Біялогія», «Экалогія», «Фундаментальная і прыкладная біятэхналогія».
Папярэдні этап прайшоў у дыстанцыйнай форме, на лічбавай платформе адукацыйнага партала Купалаўскага ўніверсітэта, якая суправаджае кожнага ўдзельніка алімпіяды ад рэгістрацыі асабістага Лічбавага кабінета абітурыента да азнаямлення з вынікамі папярэдняга этапа і далейшага інфармавання аб допуску і ўдзеле ў заключным этапе алімпіяды.
Найбольш запатрабаванымі прадметамі ва ўдзельнікаў папярэдняга этапу сталі «Англійская мова» – 137 удзельнікаў, «Матэматыка» (для спецыяльнасцяў «Матэматыка» і «Прыкладная матэматыка») – 115 удзельнікаў, «Матэматыка» (для інжынерных спецыяльнасцяў) – 100 удзельнікаў, «Руская мова і літаратура” – 67 удзельнікаў, “Гісторыя Беларусі” – 63 удзельнікі. Найбольшая колькасць удзельнікаў з горада Гродна – 37,04%, з Гродзенскай вобласці – 34,18%, з Брэсцкай вобласці – 10,65%, з Мінскай вобласці – 5,25%. З Магілёўскай вобласці і Гомельскай вобласці было па 25 удзельнікаў, з Віцебскай – 19, з горада Мінск – 12.
У заключным этапе 10 профільных алімпіяд прынялі ўдзел 329 абітурыентаў, якія прыйшлі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, каб атрымаць магчымасць стаць часткай вялікай і дружнай Купалаўскай сям'і без уступных іспытаў.
Больш за ўсё ўдзельнікаў заключнага этапу было ў алімпіядах па англійскай мове – 86, па матэматыцы (для спецыяльнасцей «Матэматыка» і «Прыкладная матэматыка») – 65 чалавек.
У заключным этапе шматпрофільнай алімпіяды прынялі ўдзел абітурыенты з усіх абласцей Беларусі. Найбольшая колькасць удзельнікаў заключнага этапа з Гродзенскай вобласці – 35,7%, з г. Гродна – 34,9%, з Брэсцкай вобласці – 10,6%, з Мінскай вобласці – 7,11%. З Магілёўскай вобласці і Гомельскай вобласці было па 25 удзельнікаў, з Віцебскай – 19, з горада Мінск – 12.
Пераможцамі шматпрофільнай алімпіяды Купалаўскага ўніверсітэта ў 2024 годзе сталі 126 абітурыентаў: 28 заваявалі Дыплом I ступені, 46 – Дыплом II ступені і 52 – Дыплом III ступені.
Уладальнікі дыпломаў I, II, III ступені шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды ГрДУ імя Янкі Купалы змогуць паступіць на 26 з 52 спецыяльнасцей Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы без уступных іспытаў.
Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца 16 сакавіка ў рамках Дзён адчыненых дзвярэй Купалаўскага ўніверсітэта.