Супрацоўніцтва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы з установамі адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі набірае абароты. Кітайскія калегі зацікаўлены ў навуковым і адукацыйным патэнцыяле адной з вядучых ВНУ Беларусі.
Сустрэча пачалася з прывітальных слоў, бакі выказалі падзякі і ўзаемную цікавасць да сумеснай працы. Прарэктар па вучэбнай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Лявонцій Паўлаў прэзентаваў адукацыйныя і навуковыя магчымасці Купалаўскага ўніверсітэта Кітайскім калегам, а таксама прадэманстраваў вектары для асобаснага росту студэнтаў, бо гэтаму ў нашым універсітэце надаецца асаблівая ўвага.
Замежныя калегі, у сваю чаргу, расказалі аб сваім універсітэце і аб тым, як праходзіць навучанне. Дарэчы, Кайфэнскі ўніверсітэт – дзяржаўная правінцыйная вышэйшая ўстанова. Размешчаны ў горадзе Кайфэн, правінцыя Хэнань. Ён ухвалены Народным урадам правінцыі Хэнань, зарэгістраваны ў Міністэрстве адукацыі і вядзе падрыхтоўку спецыялістаў у сферы інжынернай справы, менеджменту, гуманітарных навук, эканомікі і медыцыны.
На сустрэчы бакі абмеркавалі ўзаемадзеянні, намецілі планы далейшага супрацоўніцтва. У прыватнасці, кітайскіх калег цікавіла сумесная дзейнасць у рамках рэалізацыі эксперыментальнага праекта "0.5+1". Мэта гэтага праекта - павышэнне якасці паслуг у сферы адукацыі на ўзроўні вышэйшай адукацыі шляхам развіцця міжнароднага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі.