Навуковая бібліятэка правяла адукацыйны семінар для вучоных ГрДУ імя Янкі Купалы “Навуковыя камунікацыі ў прафесійнай дзейнасці: электронныя сэрвісы і бібліятэчныя інфармацыйныя тэхналогіі. Модуль 5», прысвечаны пытанням падрыхтоўкі і абароны дысертацыі, а таксама інфармацыйным магчымасцям бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта для суправаджэння навуковага працэсу ўніверсітэта.
Спікерамі выступілі Ігар Мартыненка, загадчык кафедры грамадзянскага права і працэсу, доктар юрыдычных навук, прафесар; Уладзімір Барсукоў, прафесар кафедры машыназнаўства і тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў, доктар тэхнічных навук, дацэнт; Вольга Будзеніс, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце філалагічнага факультэта, кандыдат філасофскіх навук; Святлана Місюкевіч, загадчык аддзела бібліятэчных інфармацыйных тэхналогій навуковай бібліятэкі.
Ігар Эдуардавіч, з'яўляючыся членам прэзідыума ВАК РБ, прысвяціў сваё выступленне паўнамоцтвам Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь у галіне атэстацыі навуковых работнікаў, у прыватнасці ацэнцы дысертацый, публікацыям па тэме дысертацыі, укараненням.
Уладзімір Барсукоў звярнуў увагу на асаблівасці падрыхтоўкі і абароны дысертацый па тэхнічных навуках, а таксама падзяліўся вопытам работы ў экспертным савеце ВАК і ў саветах па абароне дысертацый.
Вольга Будзеніс, чыё даследаванне прызнана лепшай кандыдацкай дысертацыяй па гуманітарных навуках у 2023 годзе, расказала пра некаторыя тонкасці даследаванняў у гэтай сферы.
Святлана Місюкевіч прадэманстравала магчымасці навуковай бібліятэкі па суправаджэнні навуковай дзейнасці ва ўніверсітэце.