На мінулых выхадных у Гродне і на Аўгустоўскім канале прайшоў XIV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. За тры дні ўрачыстасць наведалі больш за 200 тысяч чалавек. Купалаўцы бралі ўдзел у фестывалі як валанцёры, актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў фестывалю і гледачы.
Купалаўцы выступілі арганізатарамі міжкультурнай маладзёжнай дыялогавай пляцоўкі нацыянальнасцей "Разам мы адзіныя" і прынялі ўдзел у канцэртнай праграме замежных студэнтаў універсітэтаў Гродна "Беларусь - мая краіна".
Супрацоўнікі навуковай бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта і студэнты прынялі ўдзел у фестываль кнігі “Гарадзенскі літфэст”. У рамках фестывалю працавалі кніжныя інсталяцыі, інтэрактыўныя пляцоўкі, майстар-клас па каліграфіі, сустрэчы з пісьменнікамі і творчыя майстэрні. Кожная бібліятэка вобласці прадставіла на агляд публіцы нешта сваё.
Таксама купалаўцы сталі часткай вялікага свята, якое разгарнулася падчас трэцяга фестывальнага дня на Аўгустоўскім канале. Нашы студэнты прынялі ўдзел у акцыі па стварэнні караблікаў з пасланнямі сяброўства і міру. Іх запусцілі ў воды Аўгустоўскага канала.
60 валанцёраў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы бралі ўдзел у суправаджэнні мерапрыемстваў Фестывалю нацыянальных культур.
Студэнты-валанцёры працавалі ў якасці навігатараў, аказвалі дапамогу на пляцоўках Гродзенскага мясакамбіната і ў інфармацыйным цэнтры, выступалі перакладчыкамі. Веданне замежных моў дазволіла эфектыўна ўзаемадзейнічаць з замежнымі ўдзельнікамі і гасцямі фестывалю, забяспечваючы камфортную атмасферу.
Удзел у фестывалі нацыянальных культур і праца валанцёрамі - значная частка практычнага вопыту студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Гэта дазваляе ім прымяніць свае веды і навыкі на практыцы, развіць камунікатыўныя здольнасці, а таксама зрабіць свой унёсак у прасоўванне культурнай разнастайнасці і ўзаемаразумення.
Валанцёры з задавальненнем падзяліліся ўражаннямі ад працы на фестывалі. Гэта быў яскравы вопыт, які надоўга захаваецца ў памяці.
Студэнтка 2 курса філалагічнага факультэта Анастасія Кандратовіч:
– Стаць валанцёрам на фестывалі – гэта шанц пазнаёміцца з новымі людзьмі, даведацца пра нешта цікавае пра культуру розных народаў. Для мяне як для студэнткі філалагічнага факультэта спецыяльнасці "Сучасныя замежныя мовы" ўдзел у фестывалі быў асабліва каштоўным, бо я змагла прымяніць свае навыкі на практыцы. Хочацца сказаць вялікі дзякуй за тое, што наш універсітэт дае такую добрую магчымасць атрымаць веды і каштоўны досвед!
Студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта Дар'я Іванова:
– Фестываль нацыянальных культур стаў для мяне вялікай падзеяй і натхненнем у гэтым годзе. Было здорава ўбачыць яго не як госць, а як валанцёр, быць не проста гледачом. Вар'яцка прыемна ўсведамляць, што ты стала часткай вялізнай каманды, якая дапамагала стварыць атмасферу свята, зрабіць яго камфортным і прыемным для людзей. Нельга сказаць, што праца ў якасці валанцёра была лёгкай, але я ўсё роўна ні пра што не шкадую. Фестываль прынёс выключна станоўчыя эмоцыі.
Студэнтка 4 курса факультэта гісторыі камунікацыі і турызму Паліна Шульга:
– На фестывалі я працавала першы раз, і мне вельмі спадабалася! Уражанні засталіся незабыўныя. Дождж паспрабаваў нам перашкодзіць, але ў яго нічога не атрымалася. І я ў чарговы раз пераканалася, што ў Гродне вельмі адкрытыя, прыемныя, ветлівыя і спагадлівыя людзі. Менавіта дзякуючы ім фестываль атрымаўся сапраўды святочным.