Супрацоўнікі і маладыя спецыялісты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прынялі ўдзел у майстар-класе па аказанні першай даўрачэбнай дапамогі на базе Гродзенскай абласной арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа».
Купалаўцы адпрацавалі практычныя навыкі па сардэчна-лёгачнай рэанімацыі (СЛР): непрамы масаж сэрца і штучнае дыханне на дарослым і дзіцяці. Усе этапы і паслядоўнасць адпрацоўкі СЛР кожны з прысутных змог прадэманстраваць на манекенах.
Інтэрактыўны курс дазволіў слухачам атрымаць тэарэтычную падрыхтоўку пад кіраўніцтвам інструктараў і трэнераў, а таксама на практыцы адпрацаваць алгарытмы дзеянняў у розных сітуацыях з выкарыстаннем сучасных сімуляцыйных манекенаў. У працэсе навучання асноўны акцэнт быў зроблены на практычнай адпрацоўцы навыкаў.
Майстар-клас для прадстаўнікоў Купалаўскага ўніверсітэта правяла намеснік старшыні БТЧК Алена Шыпіца.
Праграма навучання сертыфікавана Глабальным Даведачным Цэнтрам па навучанні Першай Дапамогі (GFARC) Міжнароднай Федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.
Мерапрыемства стала магчымым дзякуючы плённаму супрацоўніцтву Купалаўскага ўніверсітэта з Гродзенскай абласной арганізацыяй Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа».