27 чэрвеня ў Купалаўскім універсітэце пачынаецца адзін з самых хвалюючых перыядаў – прыёмная кампанія. Першымі дакументы для паступлення падаюць юнакі і дзяўчаты, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.
Як расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі, начальнік цэнтра развіцця кар'еры ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Карлюкова, сёлета мэтавы набор павялічаны на 60 месцаў і складае 196 чалавек, з якіх - 136 - на спецыяльнасці педагагічнага профілю. Гэта дазваляе абітурыентам выбраць найбольш прыдатную для іх вобласць і спецыялізацыю.
– Мэтавы прыём у ГрДУ імя Янкі Купалы дае студэнтам не толькі магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю, але і пашырыць свае гарызонты, набыць практычны вопыт і ўмацаваць свае прафесійныя навыкі. Навучальны працэс ва ўніверсітэце заснаваны на сучасных метадах навучання, уключаючы лекцыі, семінары, практычныя заняткі, праектную працу і навукова-даследчую дзейнасць, - расказала Ірына Карлюкова. – У гэтым годзе пашырыўся спіс арганізацый заказчыкаў-кадраў, сярод іх Гродзенская рэгіянальная мытня, Следчы камітэт, дэпартамент МУС, рэдакцыі газет і іншыя.
Таксама 27 чэрвеня падаюць дакументы пераможцы шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды, іх у Купалаўскім універсітэце 126 чалавек.
Ірына Аляксандраўна нагадала, што абітурыенты Купалаўскага ўніверсітэта могуць скарыстацца сэрвісам «Лічбавы кабінет». Там можна запоўніць заяву для паступлення і прымацаваць электронныя копіі неабходных дакументаў.
Далейшыя крокі падкажа сістэма. На любым этапе можна звязацца са спецыялістамі, якія акажуць дапамогу ў рэгістрацыі, а таксама дапамогуць вызначыцца са спецыяльнасцю, формай навучання і выбарам факультэта. Для падачы арыгіналаў дакументаў абітурыент павінен прыйсці асабіста ў прыёмную камісію ў зручны для яго час, які ён павінен выбраць, зарэгістраваўшыся ў электроннай чарзе.
Віртуальны сэрвіс закліканы дапамагчы пазбегнуць традыцыйных чэргаў у перыяд падачы дакументаў у прыёмную камісію.