Студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія навучаюцца на ваенным факультэце па праграмах падрыхтоўкі афіцэраў запасу, пад кіраўніцтвам выкладчыкаў агульнавайсковай кафедры і кафедры тылавога забеспячэння праходзяць выніковую практыку на базе воінскіх часцей.
Студэнты Купалаўскага ўніверсітэта паралельна з атрыманнем вышэйшай адукацыі маюць магчымасць атрымаць ваенна-ўліковую спецыяльнасць і званне афіцэра запасу. Навучанне праходзіць на ваенным факультэце на працягу двух з паловай гадоў. Завяршальным этапам навучання з'яўляецца выніковая практыка і здача выпускнога экзамена па ваеннай падрыхтоўцы.
Праводзіцца выніковая практыка ў мэтах практычнага навучання ў воінскіх часцях, удасканалення камандных, метадычных і практычных навыкаў, атрыманых студэнтамі ў працэсе навучання па праграмах падрыхтоўкі афіцэраў запасу, выканання вучэбных стрэльб, ваджэння баявых машын і іншых практыкаванняў. Заняткі праводзяцца ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых. Студэнты падчас выніковай практыкі цалкам апускаюцца ў ваенны побыт і прывучаюцца да жыцця па строгім ваенным распарадку.
Практычныя заняткі з васьмю вучэбнымі ўзводамі студэнтаў сёлета праходзяць у трох лакацыях: на базе палігона 6 асобнай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання (н.п. Крынічная, палігон Гожскі), 11 асобнай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання (г. Слонім), на базе 72 аб'яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў (г. Барысаў).
У ГрДУ імя Янкі Купалы актыўна падтрымліваецца карпаратыўны дух, і купалаўцы выкарыстоўваюць для гэтага самыя розныя спосабы. Так, выхадныя дні будучыя лейтэнанты запасу вырашылі правесці на свежым паветры, згуляўшы ў пейнтбол. Эмоцыі і спаборніцкі дух, жаданне перамагчы перапаўнялі ўсіх. Гульня згуртавала асабовы склад навучальных узводаў, а таксама дапамагла замацаваць навыкі каманднай работы, якія выпрацоўваліся ў студэнтаў на занятках па ваеннай падрыхтоўцы на працягу ўсяго перыяду навучання на ваенным факультэце. Нягледзячы на азарт, які зашкальвае, перамагло сяброўства!
Дарэчы, хлопцы, якія паспяхова завяршылі навучанне па праграмах падрыхтоўкі афіцэраў запасу, не праходзяць тэрміновую ваенную службу, і маюць магчымасць пачаць шлях у ваеннай кар'еры адразу з афіцэрскіх пасад. Для таго, каб прайсці навучанне па праграмах падрыхтоўкі афіцэраў запасу, студэнтам першага курса неабходна ў кастрычніку напісаць заяву ў дэканаце свайго асноўнага факультэта, прайсці медкамісію і сабраць усе неабходныя дакументы. Залічаюць студэнтаў па выніках першай сесіі - глядзяць на сярэдні бал.
Больш падрабязную інфармацыю можна даведацца на ваенным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя янкі Купалы.