Студэнты факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы пабывалі на экскурсіі, прысвечанай біялагічнай і гістарычнай каштоўнасці фартыфікацыйных збудаванняў Рэспублікі Беларусь. Дацэнт кафедры сістэмнай біялогіі Анастасія Саковіч расказала аб важнасці захавання і вывучэння сістэмы абарончых збудаванняў краіны, сувязі гістарычных падзей з гісторыяй флоры, якая развіваецца на антрапагенных субстратах.
На экскурсіі было прадэманстравана, што бетонныя фартыфікацыі з'яўляюцца аналагам карбанатнага скальнага субстрата, што робіць збудаванні ўнікальнымі ў Беларусі з пункту гледжання развіцця на іх кальцафільнай флоры. На дадзены момант Форты Гродзенскай крэпасці маюць не толькі гісторыка-культурную каштоўнасць, але і з'яўляюцца помнікам прыроды мясцовага значэння, бо тут растуць унікальныя для нашай флоры мохі і папараці, у тым ліку вельмі рэдкія віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Студэнты наведалі Форт №7, змаглі зайсці ўнутр абарончага збудавання і разгледзець бліжэй дэталі і ацаніць неверагодную маштабнасць будаўніцтва, якая разгарнулася ў пачатку ХХ стагоддзя. У цяперашні час Форт разбураны, але гэта надае яму асаблівы шарм і веліч. Акрамя гэтага, студэнты зрабілі зборы мохападобных, убачылі сталактыты і сталагміты, паўдзельнічалі ў захаванні чысціні форта, сабраўшы смецце на збудаванні.